Читать «Ксю» онлайн - страница 7
Андрэй Федарэнка
— Трэба ж памагаць людзям! — чапляўся да пляменніцы Жэня, заклікаючы яе да своеасаблівага гуманізму. — І самой карысна… Для здароўя…
— Мне што, на гэтым ганку зараз разлегчыся? Ці на пяску пасярод двара? Хай купляе бутэльку ды прыязджае, — ужо без усмешкі адказвала Света. Вочы ў яе патухалі.
— Чуў? Аляксей! Бачыш, як проста, — шчыра радаваўся Жэня.
Але Аляксей не бачыў тут нічога простага. Гэтае дэманстратыўнае, перабольшанае самапрыніжэнне толькі насцярожвала яго. Хаця… ты іх зразумееш? Калі яны гуляюцца, а калі кажуць праўду?
V.
Света прыязджала рэдка, на выхадныя. Затое Ксю ў канцы чэрвеня, здаўшы экзамены, скончыўшы школу, часцей пачала бываць у вёсцы, а потым і зусім пасялілася ў дзядзькі. Дні стаялі цёплыя, вечары — яшчэ цяплейшыя. Жэня даваў пляменніцы поўную волю. Праўда, Ксю была «жаваронкам», рана лягала спаць, але ўлетку цямнее позна, і ў іх — у яе з Аляксеем — хапала часу нагуляцца.
Аляксей паступова прывыкаў да Ксю. Ён ставіўся да яе як да малодшай сястры, не забываў, што яна сірата, і яму прыемна было адчуваць сябе гэткім старэйшым братам, хацелася клапаціцца пра яе, абараняць, аберагаць. Ён трохі паблажліва зваў яе:
— Мая маленькая пяшчотная сяброўка.
З ёю можна было гаварыць на любую тэму. Ксю жаночай інтуіцыяй адгадвала яго думкі, жаданні, наперад ведала, якіх слоў яму хочацца, якога настрою, якіх інтанацый ён ад яе чакае — і акурат такія ён атрымліваў.
— Ты незвычайны, — шаптала яна, прыціскаючыся да яго.
— Чым?
— Ад цябе прыемна пахне, — проста адказвала яна.
Ён абдымаў яе і, каб падражніць, пераводзіў размову на Свету.
— Слухай, Ксю, хачу з табой параіцца. Можа, мне ўзяць тваю сястру замуж? Ты была б мне сваячка…
Ксю сярдзіта адсоўвалася. Яго цешыла гэтая мілая, няўмелая рэўнасць.
— Нічога не атрымаецца, — сур’ёзна адказвала Ксю. — Яна за цябе не пойдзе.
— Чаму?
— А ў яе ёсць. Нейкі чэх, ці немец. Не, чэх.
— Што ён тут робіць?
— Працуе на металургічным, інжынерам. Стары, непрыгожы, — хутка дадала яна.
Канечне, ён не верыў ні ў якага інжынера. У душы ён пасміхаўся з яе. «Ты не ў курсе, дарагая. Ты не ведаеш нашых размоваў на ганку. Не ведаеш, што Света мяне сама запрашае». Але яму падабалася пацяшацца з сваёй даверлівай, наіўнай сяброўкі.
— Ну, хай сабе чэх. Мала хто ў каго ёсць. Ён жа не збіраецца жаніцца? А я б ажаніўся. Афіцыйна. Насту ўдачарыў бы…
Ксю пакрыўджана маўчала. Аляксей абдымаў яе, цалаваў у шчочкі, у лоб, гладзіў па галаве.
— Дзіўныя вы, мужчыны, — з уздыхам, задуменна казала яна. — Усё шукаеце нечага… А не бачыце таго, што пад носам. Не заўважаеце тых, хто, можа, па-сапраўднаму ўмее кахаць. Як я, напрыклад. Я — не Света. Ты мяне зусім не ведаеш. А прыязджай у госці? — Ксю не ў першы раз гэта прапаноўвала. — Пазнаёмімся бліжэй… Кавы пап’ем.
— Як гэта — узяць ды прыехаць? А тут яшчэ інжынер…
— Нашто табе інжынер? Да мяне прыедзь! Паглядзіш, як я жыву, — і заўсёды дадавала: — Кавы пап’ем.
— Малая ты яшчэ «на каву» запрашаць.