Читать «Ксю» онлайн - страница 21
Андрэй Федарэнка
Усмешка блукала на яго вуснах. Ён зусім не думаў, што едзе ў глушэчу, да хворага чалавека, да мазутных шпалаў, да звыклай ужо адзіноты.
Ён думаў, што хутка лета — усяго праз пяць дзён, і вось ён едзе, спяшаецца да яго, такога жаданага, таго самага, у якім засталася здаровая маці, ранішняя дарога, сонца, раса, Рэвут, жывы Жэня, прызба, ганак, выпіўка з «прысмакамі», цёплы пясок з курамі і з дзяўчынкамі, добрая і загадкавая Света, бесклапотны, без цара ў галаве хлопец з дзяўчынкай — сваёй малодшай сястрой, сваёй пяшчотнай сяброўкай, якая цёплымі вечарамі ціснецца да яго, захапляецца ім, яго розумам, яго незвычайнай будучыняй…
Дзяўчынка з кароткімі, цёмнымі, у карэ падстрыжанымі валасамі, з вачыма, што мякка свецяцца, нібы гладзяць, да якой так пасуе яе кароткае, як летняя ноч, імя — Ксю.