Читать «Ксю» онлайн - страница 8
Андрэй Федарэнка
— Малая! — гмыкала яна. — Сямнаццаць хутка. Знайшоў дзяўчынку!..
Аляксей тады ўспамінаў трыццаціпяцігадовую Шуру, на якую Рэвут казаў — «старая кабыла», згадваў Свету — «я ўжо старая»; цяпер яшчэ і Ксю.
— Дык якія ж вы тады бываеце маладыя?! — шчыра ўсклікваў ён. — Калі вы дзяўчынкі?! Такія, як Наста? Як Жэневы дочкі?
— Відаць, толькі тады, — смеючыся, пацвярджала яна.
Раніцай Жэня па дарозе на станцыю даганяў Аляксея, глушыў мапед і, клыпаючы побач, вёў яго ў руках.
— Ну, прызнавайся. Вы гуляеце — а ёсць толк?
— Які толк, — чырванеў Аляксей. — Мы проста сябруем — як з табою. Мне ўвогуле здаецца, што яна яшчэ нечапаная дзяўчынка.
— Дык добра. Пашанцавала табе. Нехта ж робіць дзяўчынак жанчынамі.
— Ведаеш, я думаў пра гэта…
— А тут не трэба думаць — рабіць трэба, — параіў Жэня.
— Мне здаецца, ёсць нейкія прафесіяналы, якія толькі гэтым і займаюцца. Гэта іхняя спецыяльнасць. З адпаведным запісам у працоўнай кніжцы. Яны і бываюць заўсёды першыя — па законе, а ўсе астатнія, такія, як я, заўсёды другія.
— Не кажы, чаго не ведаеш. І запомні: хто п… пашкадуе — сам п… стане! — выдаў Жэня адну са сваіх зэкаўскіх прымавак.
Канчаўся ліпень, Ксю паехала ў горад. А ў выхадныя ў Аляксея адбылася нечаканая размова са Светаю. Яна ўсё ж зрэдку ўспамінала, што павінна апекавацца меншай сястрою. Света пачала здалёк, з рамантыкі, усё з таго ж — «зайздрошчу я вам, маладым, і табе, і Ксю… у вас будучыня, усё наперадзе, можна з’ехаць, уцячы ад гэтых п’янак, хамства, ненавіснага металургічнага…» Затым перайшла да справы.
— Ты гуляеш з Ксю, я ведаю. Яна ўжо закаханая ў цябе. Ты неўзабаве паедзеш, паступіш. Канечне, у цябе іншыя планы, што табе да нейкай правінцыялкі. Але павер — яна цудоўная. Добрая, разумная, гаспадарлівая. Чыстая, — зрабіла націск Света. — Табе ўсё роўна трэба будзе жонка, надзейная, памочніца. Калі зрабіць гэта адразу, на пачатку — ажаніцца я маю на ўвазе — ты большага ў жыцці даб’ешся, і хутчэй. Бо інакш ты не столькі будзеш вучыцца, колькі шукаць, і добра, калі пашанцуе, і знойдзеш такую, як Ксю. А калі памылішся?
Аляксею страшэнна няёмка было, упершыню ў жыцці яго так адкрыта сваталі, і хто — дзяўчына, якая яму самому падабаецца! Яна што, не разумее, што яму ўсяго дваццаць, што ён не ведае жыцця, ён не збіраецца планаваць яго матэматычна, хай яно ідзе спантанна, хай будуць памылкі, расчараванні, але гэта будуць яго памылкі, яго расчараванні, яго вопыт. Якія жаніцьбы!
— А… ты, Света? — спытаў ён.
— Што я?
— Не перадумала? Памятаеш, тады, на ганку, казала…
Зноў вочы ў яе адразу патухлі. Яна не чакала гэтага.
— Мы ж дамовіліся, — стомлена, абыякава сказала яна. У голасе яе знікла шчырасць. — Купляй пляшку ды прыязджай. Я ж толькі на такое і годная.
На гэты раз Аляксей прапусціў міма вушэй яе падазронае самапрыніжэнне. З усёй размовы ў памяці ў яго засталося: «Ксю ў цябе закаханая». Акрылены гэтымі словамі, успамінаючы іх часта, ён кожны раз адчуваў у сабе спакойную, сталую, мужчынскую ўпэўненасць. Во як, дзве адразу! Прыгожыя, даступныя, і абедзве запрашаюць! Заставалася толькі выбрацца ў горад.