Читать «Ксю» онлайн - страница 10

Андрэй Федарэнка

«Давай святло выключым і будзем глядзець на дождж», — прашаптала яна, вярнуўшыся.

Выключылі, пачалі глядзець. Не змаўляючыся, абое перайшлі на шэпат: ці то ад таго, што чалавек спіць, ці то прыцемкі, такія ўтульна-інтымныя, спрыялі гэтаму.

«А ведаеш, можа, мы разам будзем вучыцца. Я таксама паслала дакументы ў Мінск. І мне адказалі! Адказалі, што нават калі не паступлю, увосень, як будзе недабор, мяне могуць прыняць як сірату і як з чарнобыльскай зоны. Праўда, пасля вучобы абавязкова давядзецца вярнуцца назад…»

«І ты думаеш вяртацца?»

«Я думаю, мы абое паступім і будзем разам», — прашаптала яна.

Яму ўспомнілася Свеціна сватаўство. Ад прыцемак, ад роўнага стуку кропляў па шыбіне, ад спіртнога, а галоўнае, ад дзявочага блізкага шэпту так цёпла, так спакойна было. Ён выпіваў грамаў па пяцьдзясят перыядычна.

«Сядзь мне на калені».

«А, хітры», — і адразу ж села.

На яго найшло нейкае да слёз замілаванне; хацелася шкадаваць усіх і ўсё, каяцца ў нечым, прасіць прабачэння за штосьці і даказваць камусьці, што ён вельмі добры, што ў яго і ў думках няма нячыстых намераў.

«Ксю! Можа, ты баішся, што я пакрыўджу цябе? Пачну рабіць тое, чаго ты не хочаш?»

«Нічога я не баюся. Калі б баялася, не запрашала б, і не сябравала б з табою».

«Не! Кажы праўду! Я магу пайсці. Хочаш, я пайду?»

«Сядзі!»

І засядзеліся да дванаццаці. Ён забыў пра аўтобусы, пра Свету, пра маці; ён цалаваў яе, смелай рукою лазіў ёй па ўсіх месцах, якія можна было дастаць, якія яна дазваляла яму — а дазваляла яна многае; і бялелі ў цемры трусікі, адцяняючы загарэлыя, рухавыя дзявочыя ногі… «Аляксей… Пачакай! Ты можа думаеш, што я шлюшка?»

«Як можна, Ксю…»

«Калі так думаеш, правільна робіш — я і ёсць шлюшка… Калолася, лячылася… Я халодная. Ну, фрыгідная. Мяне за дзяўчыну не лічаць. Я пішу вершы — пра дахі, раскрыжаваныя антэнамі!..»

«Выдатная метафара».

Ён дакрануўся вуснамі да яе вачэй, вочы былі мокрыя і салёныя.

«Ксю! Ты што?! Я ж нічога ад цябе не хачу… Рабі так, каб табе добра было!»

«Прабач… Я такая дурная… Усё нахлусіла… Хіба так дзяўчына павінна рабіць, як я раблю? Сама запрашала цябе… Добра, я прызнаюся — Света можа прыйсці ў любы час, і не адна… Толькі гэта! Ты ж не пакрыўдзішся?»

«Якія крыўды! Як ты скажаш, так і будзе. Хачу дачакацца Свету!»

Прага дабрыні да ўсіх і да ўсяго не знікала. Ён і Свеце, і яе чэху таксама хацеў выказаць, як іх любіць.

«Аляксей… Можна, я цябе пацалую на развітанне, і ты пойдзеш?»

«Толькі гарэлку дап’ю…»

Дапіў; яна пацягнулася пацалаваць яго, ён выставіў руку:

«Не трэба, уяўляю, як ад мяне гарэлкаю нясе».

«Ты цудоўны хлопец! Праўда, я такіх ніколі не бачыла яшчэ. Смешны толькі», — і голас у яе быў мяккі, пяшчотны.