Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 38
Юры Станкевіч
VI. Паглум
Хлопчык доўга бег за машынай, у якую, ён бачыў, гвалтам упіхнулі мужчыну — яго дзядзьку Данілу, але машына знікла за паваротам, і ён спыніўся, часта дыхаючы, бо не прывык бегаць, і сказаў у пустэчу
Даня
і азірнуўся навокал у пошуках дапамогі ці ўвогуле якога апірышча, але ніхто да яго не падыходзіў і не загаворваў з ім, і ён павярнуў назад, інстынктыўна выбраўшы адзіны вядомы яму напрамак, які, як ён разлічваў, быў яму спрыяльны, — напрамак да дому і гаварыў
ДаняДаняДаня
і праціраў вочы ад пяску і пылу, што ўзняў вецер, і так рухаўся па вуліцы, і тут яго ўбачылі дзеці чужынцаў, і замахалі рукамі, і закрычалі брыдкае і незразумелае
бляматахушарава!
а потым адзін з іх схапіў камень і шпурнуў, і астатнія пачалі кідаць па чарзе і трапілі некалькі разоў, а даўнёнак прытуліўся да плота і глядзеў бездапаможна, а тыя скакалі навокал і гікалі і крычалі
бляматахушарава!
пасля з боку былой фралоўскай сядзібы да іх выйшла жанчына і нешта сказала незадаволена, і тыя неахвотна адступілі, але гірчэлі, нібы сабакі, на якіх прыкрыкнуў гаспадар, і ўрэшце разбегліся, а даўнёнак пайшоў далей, пакуль ля самай брамкі яго зноў не перанялі, на гэты раз падлеткі і дзяўчаты, больш старэйшыя за тых, першых дзяцей, па ўзросту і гаварылі
гэй, ты, псіх
і смяяліся
хехехехехе
і пускалі даўнёнку ў вочы дым, ад якога ён адхіляўся і моршчыўся, і гаварылі
ты грэбаны псіх
і махалі рукамі і падскоквалі, быццам не ведаючы, чым яшчэ сябе заняць, і падбягалі да лаўкі, на якой ужо сядзелі некалькі дзяўчат з навакольных вуліц і хапалі іх за рукі і за плечы, а тыя ўсміхаліся нервова і ўзбуджана
хехехехехехехе
а потым усе зноў звярнулі ўвагу на даўнёнка, бо той паспрабаваў праціснуцца праз іх да сваёй брамы, але мажны Карым пераступіў яму дарогу і спытаў кпліва і гучна
ты куды, псіх?
і даўнёнак сказаў ціха
хачу дамоў, хачу дамоў, хачу дамоў
а Карым аж затросся
дамоў?
і зарагатаў, звяртаючыся да дзяўчат, якія сядзелі на лаўцы
хехехехехехехехе, чулі? ён хоча дамоў!
І тыцнуў хлопчыку запаленай цыгарэтай у твар
цяпер гэта мой дом!
закрычаў ён
а ты будзеш жыць у сабачай будцы, псіх грэбаны, так, у хляўку, а ў дом больш не заходзь, я там буду жыць!
і даўнёнак нічога не разумеў, толькі адчуваў боль ад таго, што цыгарэта абпаліла яму шчаку і што ў дом яго не пускаюць, а побач няма нікога з блізкіх яму людзей, і шаптаў
мамамамамама
і на лаўцы адразу захіхікалі дзяўчаты, і пачалі пускаць дымкі ад прыпаленых цыгарэт, манерна адстаўляючы пальцы, і гаварылі
ай, не трэба, Карым, ён хоча да мамы, пусці яго, праўда, праўда, пусці
але з фралоўскага дома выйшлі дзве дзяўчыны іх узросту, з прыезджых, і адразу закрычалі рэзка і віскліва
гаратамадабара!
і пачалі брыдкасловіць
блямахатахушарот!
і ўбачылі даўнёнка, і адна з іх плюнула на яго
цьфу!
і закрычала
псіхпсіхпсіхпсіх!
а даўнёнак сціснуўся ў камяк і закрыў твар далонямі, але другая дзяўчына выхапіла ў мажнага Карыма запаленую цыгарэту і пачала тыкаць хлопчыку ў твар, а той засланяўся і адхіляў галаву, а дзяўчына не сунімалася, гаварыла