Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 36

Юры Станкевіч

        аааа! ментыыы! ну, біце, біце!

крычаў у двары запознены арыштант, якога вылавілі, пэўна, зусім нядаўна, схапілі, можа, на вуліцы, а можа, і ўзнялі з пасцелі, верагодна, чарговы блатар, які трапіў у рукі міліцыянтаў, бо мова выдавала яго прыналежнасць, і ён крычаў

        сукі! в натуре ж заб’еце, жывёлы!

і брыдкасловіў

        бляматахушаварот!

але гэты вэрхал, які абяцаў працягвацца ўсю астатнюю частку ночы, быў, як меркаваў вязень, толькі на карысць, і Даніла Прусак у думках жадаў, каб гвалт доўжыўся і далей, бо тады ўвага ахоўнікаў і дзяжурных цалкам пераключыцца на арыштаванага, а сам ён, магчыма, здзейсніць свой план і паспее зрабіць гэта да раніцы, але тут у калідоры пачуліся крокі, яны набліжаліся, і мужчына пачаў ліхаманкава ўстаўляць назад цагліны, ён спяшаўся, але зразумеў, што не паспявае, скінуў з сябе куртку і накрыў ёю рэшткі кавалкаў цэглы, якія раней выцягнуў са сцяны, — у камеры ўжо даўно было цёмна, але святло не ўключылі, вочы яго адаптаваліся, і ён збольшага бачыў абрыс прадметаў і рэчаў, і цяпер баяўся толькі аднаго — каб не ўключылася лямпачка са столі, бо тыя, хто ўвойдуць, адразу ўбачаць і зразумеюць усё, але якраз у гэты момант крокі наблізіліся і гукі ад іх заціхлі перад самымі дзвярыма, а потым заслонка, праз якую падаюць ежу, так званая кармушка, адсунулася, і ў твар вязню ўпёрся прамень ліхтара, але дзверы камеры не адчынялі, і мужчына пачуў