Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 39

Юры Станкевіч

        падмаладжу цябе, размалюю, псіха грэбанага, а потым пойдзеш на вуліцу — будзеш грошы зарабляць

і ўсе смяяліся

        хехехехехе

а потым і праўда пацягнулі хлопчыка па завулку ўверх, пакуль не дасягнулі большай, галоўнай вуліцы, і пасадзілі таго на асфальт, дзе хадзілі прахожыя, і паставілі побач кардонавую скрыню, на якой было напісана

        «подайте бежинцу Христа ради»

і як толькі хлопчык спрабаваў уставаць, білі таго неўпрыкмет па руках і галаве, і тушылі на твары цыгарэту, і прымушалі сядзець, і гаварылі

        грошай назбіраеш — дадзім паесці, а так цябе ніхто карміць не будзе, больш няма каму, псіх, так цябе і раз-гэтак

і хлопчык сядзеў на тратуары, і прахожыя часта спыняліся і клалі ў скрыню дробныя грошы, а калі грошай збіралася шмат, то дзяўчаты кідалі свае справы і падыходзілі да яго і забіралі са скрыні паперкі і казалі, закочваючы карцінна вочы і мацюкаючыся

        а, бля, зноў мала, Карым — на, бяры

і гаварылі напорыста і нецярпліва

        навучым, будзеш зарабляць, псіх

але тут з фралоўскага дома прыйшлі старэйшыя жанчыны і закрычалі на дзяўчат, замахалі рукамі, і ўсе разбегліся незадаволеныя, а даўнёнка павялі назад, але ў дом не пусцілі — там і праўда ўжо сноўдалі постаці чужынцаў, а далі кавалак хлеба і сказалі

        ідзі гуляй

і паказалі на хлявок

        спаць там будзеш

і падштурхнулі ў спіну, і хлопчык пайшоў у сад, ён моцна стаміўся і пакутаваў ад болю, у руцэ ён усё яшчэ трымаў хлеб і рушыў з ім да клеткі — яму раптам прымроілася, што там сядзіць трус Піля, і ён ішоў і шаптаў

        ПіляПіляПіля

але клетка была пустая, з засохлымі рэшткамі дзьмухаўцоў і канюшыны на дне ды чорнымі катышкамі трусінага гною, а дзверцы былі выламаныя, і даўнёнак паклаў туды хлеб — раптам трус вернецца, а потым залез пад дно клеткі, там утварылася нешта накшталт нішы з засохлай травой на зямлі, скруціўся ў позе эмбрыёна, і сон змарыў яго, так ён спаў нейкі час, а потым на клетку села варона і асцярожна зазірнула ўніз, выцягнуўшы шыю, але небяспекі для сябе не адчула, пачысціла аб дошкі дзюбу і доўга назірала за тым, што робіцца ў доме і садзе, а потым узмахнула крыламі, узляцела ў паветра і крыкнула рэзка і гучна

        крааааа!

ад чаго даўнёнак ачуўся і расплюшчыў вочы, але схованкі сваёй не пакінуў, а працягваў ляжаць і глядзець, што робіцца ў садзе, ля дома і ў доме, адчуваючы боль ад апёкаў на твары і страх, а ў садзе між тым час ад часу сноўдалі чужынцы і забягалі на веранду і ў дом, а потым выбягалі адтуль і гаварылі коратка паміж сабой, а то проста выкрыквалі незразумелае

        шараматагала!

ці

        даларагашабала!

і зноў забягалі ў дом і выходзілі адтуль, а затым на веранду прывялі і завялі ўнутр дома тых мясцовых дзяўчат, якія самі прыходзілі да чужынцаў і сядзелі дагэтуль на лаўцы, і тыя дзяўчаты роблена ўсміхаліся, прымалі ненатуральныя, карцінныя позы, выгінаючы целы і ўскрыквалі гулліва і нервова