Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн
Юры Станкевіч
Юры Станкевіч
Любіць ноч — права пацукоў
I. Уварванне
Цяпер, праз адфільтраваную ў часе памяць, мінулыя гады ўжо не ўспрымаліся нешчаслівымі, і ўсё было па-за парогам адчування, нават нараджэнне хворага хлопчыка і смерць мужа не здаваліся ёй катастрофамі, як тады, пакуль не з’явіліся тыя людзі, — раптоўна, быццам з іншага вымярэння, і яна не ведала, адкуль яны і чаму не тлумачылі свае з’яўленне, бо спачатку яны пасяліліся на ўскраіне ў канцы вуліцы, якраз за ўчасткам маёра Фралова, бо той русак выйшаў у адстаўку і пасля вайны асеў у іх мясцінах, тут яму пабудавалі дом, ён недзе служыў, але неўзабаве кінуў, і ў яго доме пачалі піць, і не так, як пілі суседзі ці ўвогуле мясцовыя, — у доме Фраловых пілі ўсе: ён, яго жонка і дарослыя дзеці — дачка Феня і сын Клім; маёр сядзеў штодня на лаўцы перад сваім домам, брывасты, з жабіным ротам, і па-дурному ўсміхаўся ці зрэдку пачынаў выкрыкваць нешта пагрозлівае
так, маць вашу, так, уга-ха
яго і знайшлі неяк раніцай ля той лаўкі, а потым усё пацягнулася як і раней, пакуль дом не апусцеў — Феню звёз малады афіцэр, а апошнім знік маёрскі сын Клім: казалі, што яго асудзілі па «хуліганцы» — дзвесце першаму артыкулу — і ён хутка выйдзе на волю, але ён так і не вярнуўся, і тады, стаяла якраз лета, з’явіліся тыя людзі, з імі шмат крыклівых дзяцей — быццам сям’я, і ветліва віталіся
зрасстэ, зрасстэ
а на якой мове яны размаўлялі паміж сабой, яна так і не здолела зразумець, і іх рабілася ўсё больш і больш: яны пакрысе асвоілі пуню і павець у маёрскім садзе, а потым быццам папрасілі дазволу (хутчэй за ўсё і не думалі прасіць — у каго, дарэчы?) пасяліцца ў яго кінутым доме, бо нашчадак (Клім), пэўна, згубіўся, ці то ў лагерах, ці то на расейскіх прасторах, але гэтага ніхто не ведаў; дык вось, яны ададралі неяк удзень дошкі з вокнаў маёрскай хаты і пачалі там жыць, і амаль адразу ж да іх панаехалі аднекуль здалёк, спачатку на машынах простых, на «капейках», а потым і на іншамарках, а затым да дома зрабілі прыбудову з цэглы і там пасяліліся яшчэ людзі, а потым за павеццю вырас перанесены аднекуль зблізу драўляны дом — усё гэта адбывалася хутка, амаль што імкліва, яна нават не паспявала заўважаць, але не заўважаць, быццам іх і не было, не даводзілася, бо яны ўжо не казал і пры сустрэчы
зрасстэзрасстэзрасстэ
а не віталіся зусім, быццам яе тут не існавала, і тут якраз паваліўся плот, ці, можа, яны знарок гэта зрабілі, бо іх жанчыны пачалі карыстацца той яе дальняй часткай саду як прыбіральняй, выходзілі з раніцы, падбіралі спадніцы і гадзілі там, а дзеці іх ужо сноўдаліся па ўсім гародзе, выядалі ўсё, што спела, расло, і крычалі адно аднаму, здавалася, толькі адно зразумелае ёй слова
дайдайдайдай
і вырывалі адно ў другога з рук, з рота, а потым яны раптам заўважылі хлопчыка, дакладней, заўважылі, што ў таго не ўсё ў згодзе з псіхікай, са здароўем; адкуль ім было ведаць, што хлопчык нарадзіўся з хваробай Даўна па той простай прычыне, што быў зачаты там, дзе дазіметры паказвалі больш як пятнаццаць кюры, да таго ж муж пачаў піць і не захацеў спыніцца, так яно і атрымалася — бяда адна ніколі не ходзіць, казалі ёй, яна і сама не раз упэўнівалася ў той вядомай усім ісціне, але штодня глядзець на хлопчыка ўсё роўна было балюча, хаця той быў такі рахманы і ціхі і размаўляў з птушкамі, пчоламі, восамі, чмялямі, жабамі, трусом у клетцы, якога зваў Піля (зменшанае ад Піліпа) і карміў таго дзьмухаўцамі, прыгаворваючы