Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 29
Юры Станкевіч
і хлопчык ківаў круглай галавой са светлым пухам валасоў, што накшталт німба абрамлялі верхнюю частку яго твару
зразумеў, Даня
гаварыў ён, і раптам успамінаў тужліва
ПіляПіляПіляПіля
і туліўся бліжэй да мужчыны, бо яны ўжо падыходзілі да свайго дома, дзе была прастора дзяцей ілжэбежанцаў, — тыя звычайна паўсюдна шнырылі тут, закідваючы дробным каменнем усіх іншых малалетак, якія рызыкавалі праходзіць паўз іх, а вуліцу і некалькі суседніх яны лічылі ўжо цалкам сваёй тэрыторыяй, але на гэты раз ля фралоўскага дома было нязвыкла ціха і нават іншамарак не было бачна, стаяў толькі шэры «уазік» з брызентавым верхам, а калі Даніла Прусак наблізіўся, то пазнаў па серыі МБК нумар міліцэйскай машыны, а непадалёку ад яе, бліжэй да яго, скупіліся некалькі жанчын, сярод якіх былі і мясцовыя і тыя, што жылі ў фралоўскім доме, — апошнія выдзяляліся рэзкімі акцэнтаванымі галасамі, і, праходзячы паўз усіх, Даніла пачуў
Манюкаву Рэгіну згвалцілі ў вашым, Даніла, хлеўчыку
а гаварыла гэта адна з мясцовых жанчын, што жыла крыху вышэй, яе дом месціўся якраз за Манюкавай сядзібай, Даніла Прусак не мог успомніць яе прозвішча, а яна працягвала
так, згвалцілі, а хто, — назваць не можа, пэўна, напаілі чымсьці, не памятае нічога, от бацькам гора
і Даніла з хлопчыкам спыніліся і выслухалі навіну, а жанчына гаварыла ўжо ім у спіну
збілі так, што, кажуць, галавой кранулася
чуў наўздагон Даніла Прусак, а калі зайшоў у свой двор, убачыў, што на фралоўскім пляцы стаяць міліцыянты, і двое з іх адразу пайшлі да яго цераз мяжу — плот быў зноў павалены, а калі наблізіліся, моўчкі накінуліся на яго і зашчоўкнулі на руках наручнікі.
V. Уцёкі
З хвіліну мужчына па прозвішчу Даніла Прусак супраціўляўся, і ўтрох міліцыянты не маглі даць рады, каб упіхнуць яго ў машыну, але адзін з іх ухапіў з пярэдняга сядзення дубінку і з размаху абрынуў яе яму на патыліцу, пасля чаго яго ўцягнулі ўнутр, і машына, рыкнуўшы маторам, ірванула з месца, і тут Даніла Прусак выслізнуў з кароткага бяспамяцтва, зірнуў у задняе шкло і якраз убачыў хлопчыка, які бег следам, і як паступова, па меры таго як машына аддалялася, меншылася яго постаць, і зноў пачаў вырывацца, але адна рука яго ўжо была прыкавана наручнікамі да спінкі сядзення, і ён зразумеў, што ўсё марна і што невядома адкуль і ў якіх памерах, але прыйшла бяда, і сказаў, беручы сябе ў рукі і змушана расслабляючыся
куды вы мяне, па якому праву і ці надоўга?
патлумачыўшы нервова
там жа дзіцё засталося, вы ж бачылі на дарозе
але адказам яму была доўгая паўза, якая некалькі разоў парушылася шыпеннем рацыі ля пояса ў сяржанта, што сядзеў спераду, і некалькімі фразамі, якімі той абмяняўся па радыё, і толькі потым нядбайна кінуў
даведаецеся на месцы, вам патлумачаць
пасля чаго засталося трываць боль і чакаць, пакуль урэшце машына заехала ў двор мясцовага аддзела міліцыі, і яго адчапілі ад сядзення і пацягнулі ў следчы ізалятар — цагляную прыбудову ў самым кутку двара, там якраз ішоў рамонт, і ён адразу адчуў той характэрны пах зняволення, які, пэўна, захоўваецца ва ўсіх падобных месцах, — пах нямытых чалавечых цел, нечыстот і яшчэ чагосьці, што не перадаць словамі: магчыма, пах паразы, змешанай са страхам, і мужчына рвануўся назад і закрычаў