Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 28

Юры Станкевіч

        ну, і што з мяне за такую паслугу належыць — назавіце кошт

а яго субяседнік, гледзячы ўбок і пакручваючы кій, спытаў

        дзе прыжыліся тыя «бежанцы»? у якім месцы?

і, пачуўшы адказ, раптам страціў цікавасць, быццам унутрана ўсё разлічыў і вырашыў для сябе, хаця мужчына яшчэ па інерцыі паспеў сказаць

        я вашу работу кампенсую

але тут міжволі позірк яго машынальна затрымаўся на руках більярдыста, бо зблізу ён ясна разгледзеў на лакцявых згібах так званую «дарогу» — сляды ад шматлікага карыстання шпрыцам, і адразу з яго вачэй нібы ўпала заслона: гэты Эмір таксама мог быць кліентам у тым фралоўскім доме — здагадка выклікала пачуццё няёмкасці ад зробленага ім учынку, але більярдыст, сказаўшы толькі нядбайна

        справы знянацку не вырашаюцца, зразумей, а пакуль расход, я падумаю, прыходзь дні праз тры

знік у памяшканні, а Даніла Прусак адабраў у даўнёнка напалову пустую бутэльку і павёў таго дамоў, абдумваючы, дзе тут была няўвязка, і згаджаўся сам з сабой: сапраўды, так не робіцца, ну, няхай нават тыя блатныя і не ездзяць па вечарах па «шмаль» да чужынцаў — усё роўна ён на іх як з каня зваліўся, адкуль таму Эміру ведаць, хто ён і што, і чаму яны адразу павінны даць яму веры, ну пастаў ён сябе на іх месца, але тут яго думкі трывожна пераскочылі на тое, што час, які яму далі на адпачынак, заканчваецца, а ён, па сутнасці, нічога не вырашыў, бо ў доме недагледжанае дзіцё, сам дом таксама патрабуе прысутнасці гаспадара, а ў сталіцы застаўся сын, якому, пэўна, няма розніцы — ёсць дома бацька ці не, а ўрэшце, хто яго ведае, што хаваецца часам у яго галаве, хаця цяпер галоўнае не гэта, а смерць сястры Любы і напад на яго самога мінулай ноччу, — за ўсім за тым ён падсвядома адчуваў прыхаваную і нябачную звонку, але мэтаскіраваную, напорыстую і акрэсленую волю, якая перакрыжавалася з яго воляй і ўступіла з ёй у адзінаборства, хаця, па сутнасці, і адзінаборства тут не мела месца, бо з чым ён пакуль змагаўся і чаму супрацьстаяў — хіба туману, цемры: ўрэшце, гэта хісткасць і няйнакш падземная нябачнасць больш за ўсё непакоілі яго, і Даніла Прусак зноў думаў пра гэта, пакуль ішоў па цэнтральнай вуліцы, аглядаючы правалы каналізацыйных люкаў, абшарпаныя, з аблупленай тынкоўкай сцены дамоў, спілаваныя ствалы дрэваў, якія ў беспарадку валяліся ля абочын, і ўвесь бруд і хлам, што выкідвалі па начах у закуткі, а потым пацягнулася другарадная вуліца, што вяла ў бок яго дома, — з пахіленымі гнілымі парканамі і развешанымі там-сям на іх старадаўнімі лозунгамі і рэкламнымі малюнкамі свіней і кароў, а даўнёнак плёўся побач, боўтаў рэшткамі вады ў бутэльцы і хныкаў

        мамамамамама

а калі апынуліся ў сваім завулку, падабраў з зямлі выкарыстаны аднаразовы шпрыц, што, пэўна, выкінулі з акна аўтамабіля, і мужчына ледзь не ўпершыню накрычаў на яго і забараніў падбіраць з зямлі ўсе вострыя і колючыя рэчы, і казаў

        ніколі не чапай гэтага, малы, зразумеў?