Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 30

Юры Станкевіч

        адвядзіце да начальніка!

але яго ўжо цягнулі па доўгім вузкім калідоры і ўрэшце затаўклі ў адну з камер, дзверы бразнулі і зачыніліся, і адразу ён удыхнуў задушлівае і смуроднае паветра — быццам да твару яму прыклалі брудную анучу, а ля сцен сядзелі і напаўляжалі некалькі постацяў: пэўна, гэта былі звычайныя апушчэнцы ці бамжы, ён не здолеў вызначыць адразу; адзін з іх, маладзейшы, паліў, яшчэ адзін вычэсваў выпадаючыя сальныя валасы на паўголым чэрапе і разглядваў іх пасмы на расчосцы, яшчэ адзін спаў, але Даніла Прусак не стаў вывучаць сядзельцаў камеры, а павярнуўся да іх спінай і загрукаў у дзверы

        выпусціце мяне!

крычаў ён і грукаў мацней

        я патрабую!

і яшчэ пра тое, што яму не прад’явілі абвінавачання і што дома застаўся хлопчык-інвалід, адале ўрэшце дзверы адчыніліся і двое мажных міліцыянтаў вышмаргнулі яго ў калідор і моўчкі пачалі збіваць, пакуль ён не асунуўся на падлогу, а потым зноў зацягнулі яго ў камеру і кінулі, так нічога і не сказаўшы, і толькі гадзіны праз дзве яго вывелі вонкі, правялі праз двор, і ён раптам апынуўся ў знаёмым кабінеце, дзе за сталом сядзеў побач з шэрым абшарпаным сейфам за спінай следчы Кузін і нешта пісаў, быццам не заўважаючы яго, і ўсё гэта адбывалася неяк не сапраўды, у зацягнутай штучнай паўзе; той усё пісаў, няспешна крэмзаючы белы ліст паперы, і мужчына таксама маўчаў, стрымліваючыся, пакуль ўрэшце следчы Кузін узняў на яго цёмныя каламутныя вочы і спытаў

        дык вас усё яшчэ цікавіць, чаму засіліўся Клім Фралоў?

на што Даніла Прусак сказаў

        такой падлянкі ад вас не чакаў, дык, можа, вы мне пра Фралова пасля раскажаце, а пакуль патрабую выпусціць мяне, там хлопчык адзін застаўся, вы ж ведаеце сітуацыю

ён спяшаўся, бо следчы Кузін выказваў раздражненне і прыкметы нецярплівасці

        да таго ж я затрыманы беспадстаўна, мне нават абвінавачанне не прад’явілі, збілі…

але следчы Кузін перабіў з прыхаваным задавальненнем

        абвінавачанне прад’явім, а трымаць вас да таго часу маем права месяц — такі цяпер парадак

і тут мужчына не вытрымаў, голас яго сарваўся на крык

        дайце хоць патэлефанаваць!

закрычаў ён і рвануўся да тэлефона, але следчы Кузін падхапіў апарат і перакінуў за спіну, паставіўшы на сейф, абпоўз Данілу Прусака позіркам і сказаў, нядобра скрывіўшы рот

        пагасцюеце ў нас, з ачосамі грамадства, так бы мовіць, пазнаёміцеся, а званіць не дазволена

але мужчына перапыніў, скіроўваючы гутарку ў патрэбнае яму рэчышча

        чаму мяне арыштавалі, на якой падставе?

і раптам здагадаўся: урэшце, гэта здагадка спакваля ўжо існавала ў яго галаве, нібы плавала там неаформлена і размыта, як амёба

        вы што, падазраяце гвалт з майго боку, вы гэта сур’ёзна?

спытаў ён і асунуўся ў крэсла — стаяць было цяжка, а следчы Кузін зноў мазнуў позіркам па яго твары і сказаў убок