Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 27
Юры Станкевіч
будулагашаматага!
нахалабараманаза!
ралатабазаладулаба!
і ў парку, на лаўках, ля часовых драўляных павільёнаў, якія нагадвалі сабачыя будкі, іх было яшчэ больш, але ў асноўным маладых, узросту яго сына Ігната, сярод іх былі і дзве-тры іх дзяўчыны, адна з якіх праз кароткія паўзы віскліва выкрыквала расейскі мат
бляхубаматага!
але мясцовых дзяўчат усё гэта быццам толькі прыцягвала, бо яны віравалі сярод чужынцаў, рэзка і ненатуральна выгінаючы постаці і хіхікаючы
хігіхігіхагахехі
а тыя хапалі іх за голыя рукі і спіны сальнымі ад тлушчу пальцамі, бо тут жа куплялі і елі смажаныя шашлыкі і мяса і выкрыквалі
будугалашаратама!
І гергеталі па-свойму, і Даніла Прусак адчуў, як устрывожыўся хлопчык, і ўзяў яго руку ў сваю і пачаў шукаць тое, што яму было патрэбна, і сапраўды, сярод дрэваў, у зацені, па памяці знайшоў більярдную — прасторную драўляную пабудову, пафарбаваную ў сіні колер, там-сям фарба аблупілася, але шкло на вокнах было цэлае і вымытае, дзверы расчынены, і з памяшкання даносіліся галасы і мяккі грукат шароў
тахтахтрахтах
і нехта казаў
стоп, двойку ў лузу, так, гатова
і, адкаркаваўшы даўнёнку бутэльку, Даніла Прусак пасадзіў таго на прыступкі, а сам зайшоў у дзверы і акінуў позіркам залу, дзе за сталом ляніва ганялі шары двое коратка стрыжаных маладых людзей у спартыўных шараварах, тэнісках і пляжных тапачках на нагах, побач, на століку, стаялі дзве пачатыя бутэлькі шампанскага і ляжалі некалькі бананаў, а збоку, у канцы залы, ля бачка з вадой, сядзела сталага веку жанчына-білецёрка і чытала кнігу, і на яго таксама зіркнулі — хутка і ацэньваюча: адзін з гульцоў быў гадоў пад трыццаць, смуглява-чорны з драпежна выцягнутымі наперад, як у пацука, сківіцамі і цяжкім позіркам цёмных вачэй, а другі гадоў на пяць-шэсць маладзейшы, з кірпатым азіяцкім носам і накачанымі біцэпсамі, ніжэй ад якіх сінела цалкам традыцыйня старамодная татуіроўка з кінжаламі і змеямі — усё гэта Даніла адзначыў, пакуль стаяў, і хацеў загаварыць, але кірпаносы апусціў кій і апярэдзіў
што, мужычок, згуляем на інтарэс?
але Даніла Прусак адмоўна пахітаў галавой, і той працягваў скрозь зубы, бо паспеў уставіць у рот запаленую цыгарэту
дык не хадзі тут, бачыш — цёплай печкі няма, буфета — таксама, а ў нас свой базар
але мужчына сказаў, падлажваючыся пад іх слэнг
я б хацеў з Эмірам пагаварыць, ёсць інтарэс, можа, зацікавіцеся
і смуглява-чорны сказаў, заганяючы шар у лузу
Эмір — гэта мы
у множным ліку
так
і дадаў
толькі карацей, мужычок, а то я, бач, пенсію зарабляю
і скрывіў усмешліва шырокі вузкагубы рот
хэхэхэ
а мужчына сказаў
ды я на пару слоў
і калі яны выйшлі на прыступкі, адразу абмаляваў таму, нездаволенаму, сітуацыю з «бежанцамі» і спытаў, ці здолеюць яны, прыкладам, крыху дапамагчы яму, каб тыя чужынцы з’ехалі ў іншае месца, і, павагаўшыся, дадаў