Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 15

Юры Станкевіч

        піцьпіцьпіць

а потым яны пайшлі дадому, толькі ў завулку ля сваёй брамы спыніліся, бо на вуліцы стаялі двое ўжо ладных падлеткаў, па выгляду з фралоўскага дома, і мачыліся прама сабе пад ногі, і Даніла Прусак не стрываў і сказаў

        прэч адсюль, вырадкі

але тыя не спяшаліся, нахабна зыркнулі на яго вачыма і загаварылі па-свойму, а потым пайшлі, азірнуўшыся, і мужчына адамкнуў хату, зварыў хлопчыку кашу, адкаркаваў кансервавую бляшанку з рыбай, і яны паелі, і адразу даўнёнка змарыў сон, а мужчына пайшоў і за дзве гадзіны паставіў плот, рыдлёўкай перакінуў за яго на былы фралоўскі пляц бруд і смецце, якое накідалі чужынцы, — там броўнаўскім рухам брутальна віравала незнаёмае яму жыццё: бегалі мурзатыя дзеці, крычалі жанчыны, пад’ехала «вольва», адкуль жукаватыя мужчыны вынеслі некалькі кардонавых скрыняў і занеслі ў дом, потым уключылі магнітафон, і Даніла Прусак адразу кінуў працу, аднёс на веранду рыдлёўку і інструмент, і ўвесь час за ім назіралі — у расчыненых вокнах з’яўляўся то адзін твар, то адразу некалькі, а затым прачнуўся даўнёнак і пачаў смуткаваць

        ПіляПіляПіля

і мужчына пайшоў з ім у краму, перад якой, глытаючы з рыльца піва, звыкла лаяліся некалькі прыблатнёных і апушчэнцаў, і купіў у ёй хлеба і малака, а потым шукаў і ўрэшце дачакаўся няўлоўнага ўчастковага, і той з прыхаванай незадаволенасцю ад таго, што патурбавалі, гаварыў яму

        тактак, яна скардзілася, па суседству большасць так скардзяцца і гавораць, хаця, канешне, новыя вашы суседзі турботныя, ды прыгожа жыць не забароніш — зараз так?

але Даніла Прусак перабіў яго

        яны гандлююць наркатой, хіба вы не ведаеце пра гэта? любы падлетак з вуліцы пацвердзіць, у вас жа, пэўна, ёсць інфарматары

а ўчастковы ўсміхнуўся

        тактак

гаварыў ён,

        усё магчыма, але паспрабуйце даказаць — гэта не так проста, мы іх там усіх дапыталі, а доказаў ніякіх, вашу сястру мог забіць чалавек і з вуліцы, так, хіба хто з яе старых знаёмых, мо ў яе была з кім, ну, скажам, любоўная сувязь

але пасля гэтых яго слоў Даніла Прусак завярнуўся і пайшоў, хлопчык цягнуўся ўслед за ім і гаварыў трывожна

        ДаняДаняДаня

быццам адчуваў стан мужчыны, і яны пайшлі па забруджанай смеццем вуліцы — апошнім часам яго выкідвалі прама на дарогу, хілілася ўжо к вечару, хмара набегла на сонца, і на кароткі час дыхнула прахалодай, і даўнёнак пакінуў выпрошваць піць і пайшоў шпарчэй, а потым, калі зайшлі ў дом, адразу лёг на каналу і заснуў; мужчына хацеў сказаць яму, што не варта спаць на захадзе сонца, але той усё роўна не зразумеў бы яго, таму накрыў хлопчыка посцілкай і выйшаў на панадворак, прайшоў у сад і тут убачыў, як двое падлеткаў, ускрыкваючы і смеючыся, але досыць настойліва, цягнулі да хляўка дачку старызніка Манюкі, непаўналетнюю Рэгіну, якая хіхікала і нескаардынавана ўзмахвала рукамі, — пэўна, далі глынуць спіртнога, — падумаў Даніла Прусак, — можа, і падсыпалі яшчэ пару таблетак атаміналу натрыя ці яшчэ чаго, — колькі дошак з плота, які ён паставіў некалькі гадзін таму, былі выламаны і валяліся на зямлі з яго боку; мужчыну скаланула ад раптоўнага выбуху гневу, і ён зрабіў хуткі крок наперад і ўдарам кулака адразу зваліў аднаго з крыўдзіцеляў, а вось другі кінуў Рэгіну, якая шмыгнула ў дзірку ў плоце, а потым уцякла ў заўсёды расчыненыя ў тым двары дзверы, і схапіў Данілу Прусака за кашулю, — ён быў па-мужчынску дужы — і дыхнуў на яго сумессю алкаголю з часнаком, выскаліўшы зубы з жоўтага металу, другі ўжо падымаўся з зямлі, і Даніла Прусак саўгануў праціўніку каленам у пах, а потым зачапіў кулаком знізу ў падбародак — калісьці ў юнацтве ён баксіраваў, і зараз вось спатрэбілася, — нахабнік рохкнуў і заваліўся на спіну, а яго хаўруснік кінуўся ў дзірку ў плоце і ўзняў у двары былога фралоўскага дома лямант