Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 13
Юры Станкевіч
«…подайте люди добрые Христа ради инвалидам бежинцам кто чьто можит»
і прахожыя кідалі ў скрыню, асабліва жанчыны, а Даніла Прусак запаволіў крок ля крамы і хацеў ужо зайсці ўнутр, але міжволі спыніўся, бо ў люстэрку ў вітрыне ўбачыў, як жабрак-малалетка за яго спінай раптам спрытна ўскочыў на ногі і, зыркнуўшы па баках цалкам здаровымі і відушчымі вачыма, а побач з ім якраз нікога не было, выграб са скрыні грошы і крыкнуў, азірнуўшыся назад, на незразумелай мове
будулагашарага!
а ззаду, у цяні клёнаў, тоўпілася некалькі постацяў, адна з якіх — жанчына гадоў трыццаці — аддзялілася ад астатніх і рэзка выгукнула
радамашаталаза!
падышла да малалеткі і забрала ў яго грошы, якія адразу зніклі ў рукавах яе адзення, а Даніла Прусак зайшоў у краму, а калі выйшаў адтуль, то ўбачыў, што папрашайка зноў сядзіць на сваім месцы, а метраў праз дзвесце са здзіўленнем заўважыў амаль такога ж малалетку, і скрыня была амаль такая ж, і надпіс, а калі звярнуў на бліжэйшую бакавую вуліцу, то і там ўбачыў постаць на тратуары, але гэта была ўжо дзяўчынка, і мужчына нейкі час раздумваў над усім гэтым, пакуль ішоў, усё болей адхіляючыся ад цэнтральных вуліц, дзе пад нагамі ўжо дзе-нідзе бліскалі жоўтай, застаялай вадой, пэўна, ніколі не высыхаючыя лужыны, а ля драўляных парканаў-агароджаў выглядалі з пустазелля і пырніка кучы смецця і застарэлага попелу, які яшчэ зімой выкідвалі сюды з печак і топак, і апынуўся на яшчэ вузейшай вуліцы, а потым завулку і адразу ўбачыў павалены плот і новабудоўлю за фралоўскім домам, ля брамы якога стаялі дзве іншамаркі і бегалі з крыкамі дзеці, але пляменніка сярод іх не было, і Даніла Прусак адчыніў брамку і зайшоў на падворак, але яго ніхто не сустракаў, і цень трывогі крануў твар мужчыны, а потым ён зайшоў у хату і пабачыў хлопчыка, які сядзеў у куце, насцярожана, як звярок, выглядваючы адтуль, і адразу падхапіўся, калі пазнаў дзядзьку
ДаняДаняДаня
гаварыў ён, а Даніла спытаў
а маці дзе?
і даўнёнак сказаў
няма
і зноў пачаў свае
ДаняДаняДаня
твар яго быў заплаканы, а кашуля пакамечаная і брудная, і Даніла зноў спытаў
Люба пайшла?
але хлопчык ужо пераключыўся
кашыкашыкашы
гаварыў ён, і Даніла аддаў яму пернікі і цацку на колцах, якую купіў у краме, і даўнёнак пачаў прагна есці, а на цацку не звярнуў увагі, і мужчыну зноў стала вусцішна, і ён, раптам здагадваючыся, спытаў
а ноччу яна была з табой, ну, калі цёмна было?