Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 14
Юры Станкевіч
і хлопчык затрос галавой
ненене
і адразу захваляваўся і пачаў енчыць
мамамамамама
а потым раптам успомніў
ПіляПіляПіля
смуткаваў ён, і Даніла падняў ужо цяжкаватага хлопчыка на рукі і выйшаў так у сад і абышоў яго, зазірнуўшы ўсюды: кусты парэчак былі абабраныя і дзе-нідзе віселі абламанымі галінкамі, на дзвюх агурковых градках было пуста, плот, за якім адразу пачыналася тэрыторыя фралоўскага маёнтка, павалены, мужчына агледзеў усё гэта, а потым паставіў хлопчыка на зямлю і, быццам нехта павёў яго, рушыў да хляўка, адчыніў дзверы і адразу зачыніў, стараючыся, каб даўнёнак не зазірнуў унутр, зноў падхапіў таго на рукі і пабег з ім у дом і сказаў
пабудзь тут, на вось еш
сунуў яму рэшткі пернікаў і паабяцаў
я зараз, ты не выходзь
а даўнёнак спытаў
ты вернешся?
але ён ужо бег да хляўка, ірвануў на сябе дзверы і схіліўся над целам сястры, якая ляжала на правым баку, рукі яе былі прыціснуты да грудзей, быццам жанчына ў апошнія імгненні спадзявалася абараніцца ад небяспекі, і на твары яе застыла маска жаху.
III. Напад
Следчы па прозвішчу Кузін — нізкарослы малады мужчына гадоў трыццаці, з вострым кірпаносым тварам і цёмнымі мангалоіднымі вачыма, прыходзіў спачатку штодня, але потым яго наведванні рабіліся ўсё больш рэдкімі, а з дня забойства і хаўтураў прайшло ўжо каля тыдня, і Даніла Прусак сам пайшоў да таго ў райаддзел, і даўнёнак быў цяпер заўсёды з ім, ён, пэўна, шмат што зразумеў, бо часта трывожыўся, плакаў і гаварыў
мамамамамама
а то яшчэ ўспамінаў труса і мармытаў
ПіляПіляПіля
а больш маўчаў і не адыходзіў ад свайго дзядзькі ні на крок, вось і на гэты раз сеў у кабінеце ля дзвярэй на зэдлік і слухаў, як следчы незадаволена казаў
пакуль нічога новага, але як толькі нешта праясніцца, то адразу вам паведамім
але мужчына перапыніў яго рэзкім узмахам рукі
вы забойцу знайдзіце, а не праясненняў чакайце
і нерваваўся, а следчы выслізгваў, як піскун, і гаварыў банальнасці і яшчэ нешта доўгае, нецікавае і неістотнае, і мужчына выслухаў, сціснуў сківіцы, а потым устаў з крэсла і пайшоў прэч, узяўшы даўнёнка за руку; яны ішлі вуліцай, было горача ад сонца, якое вісела прама над імі на бясхмарным небе, дрэвы, пакрытыя пылам з-пад колаў грузавікоў, якія раз-пораз грукаталі побач, амаль не варушылі лісцем і здаваліся штучнымі ў бязветранай прасторы, даўнёнак часта спыняўся і прасіў
піцьпіцьпіць
Даніла Прусак напаіў яго квасам, а потым яны рушылі ла цэнтра горада, дзе месціўся паштамт, і мужчына тэлефанаваў сыну — той праходзіў вытворчую практыку і якраз быў дома
я бы прыехаў
апраўдваўся той
але ж вы мне не паведамілі, хоць бы сказалі, дык мяне б адпусцілі
і Даніла сказаў
так, без цябе Любу пахавалі, але тут яшчэ шмат спраў розных, я затрымаюся
і потым спытаў
грошы хоць ёсць, стыпендыя нябось скончылася?
і той адказаў бадзёра, як у фільмах, якія глядзеў бясконца па тэлевізары
няма праблем
пасля чаго мужчына сказаў, што яшчэ хутка патэлефануе, а даўнёнак стаяў побач і енчыў