Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 17
Юры Станкевіч
ПіляПіляПіляПіля
а потым ўспомніў і пытаўся
мамамамамама?
і, ужо дома, нечакана лёг і, па звычцы, адразу заснуў, а раніцай мужчына накарміў яго, дастаў сваю старую пластыкавую вуду, паклаў у кішэнь хлеба, узяў для хлопчыка коўдрачку і ручнік і, як абяцаў, павёў таго на пляж, дзе было яшчэ пуста, пляж увогуле быў у заняпадзе, бо рака мяняла тут рэчышча і падмывала бераг насупраць, і ўжо можна было прадбачыць лес грувасткага і безгустоўнага катэджа, пабудаванага гады два таму метраў за сорак ад берага, а цяпер, прыкінуў Даніла Прусак, да вады засталося ўжо метраў дваццаць пяць, а потым думкі яго зноў вярнуліся да апошніх падзей, а даўнёнак гаварыў
рыбарыбарыба
але тут Даніла Прусак убачыў адзінокую жаночую постаць на беразе з паўхвіліны хады ад іх і пазнаў Алесю, якая сядзела, падкурчыўшы ногі, глядзела ў ваду і паліла, а побач тырчэла ў неба рыльца бутэлькі, і мужчына адвёў хлопчыка ў супрацьлеглы бок, каб тая не прычапілася з пустой размовай, паслаў даўнёнку на траву коўдру, дапамог таму распрануцца і распрануўся сам, адчуваючы, як прыемна заказытала босыя ногі трава — пахла мятай, — яе роўныя, зялёныя пруткі ўперамешку з аерам выторкваліся з зямлі, спускаючыся да вады, — рака бязгучна спяшалася далей пад стромкім; берагам насупраць, і даўнёнак адразу знайшоў сабе занятак: пачаў корпацца ў пяску і часам уваходзіў у ваду па калені і гаварыў, назіраючы малявак і верхаводак
рыбарыбарыба
а мужчына выкапаў чарвяка і закінуў вуду — проста так, зусім не спадзеючыся злавіць, і лёг на траву, адчуваючы, як святло сонца пяшчотна гарачыць і падпальвае скуру на спіне і нагах, і доўга ляжаў так, назіраючы за даўнёнкам і амаль фізічна адчуваючы, як запавольваецца бег часу, пакуль урэшце гук матора не вывеў яго з гэтага стану: доўгі шэры «мерседэс» старога выпуску разварочваўся прама на пляжы і спыніўся метраў за дваццаць, ляснулі дзверцы кабіны, і разам з гукамі папсы адтуль вылезлі трое: адзін, пэўна, з мясцовых, вышэй сярэдняга росту, з ральефнымі біцэпсамі, коратка стрыжаны, і з ім двое таго ж тылу, што жылі ў фралоўскім доме, а можа, нават, і з тых самых, быццам бежанцаў, адзначыў Даніла Прусак, — усе на падпітку, а потым з кабіны, хіхікаючы, з’явілася яшчэ адна асоба — дзяўчына гадоў дваццаці з цыгарэтай у руцэ і бутэлькай віна ў другой, і, пахіснуўшыся, села на траву, а мясцовы закрычаў