Читать «Любіць ноч — права пацукоў» онлайн - страница 11

Юры Станкевіч

        так яго і разгэтак

чуў ён і паволі ішоў далей, удыхаючы паветра, і паветра тут было нават горшае, чым у сталіцы, думаў ён, разглядаючы рэдкія вітрыны і прыцэньваючыся — варта купіць што-небудзь для даўнёнка, — але раптам заўважыў на тратуары аднакласніцу Алесю, якая раней была звычайная школьніца з пышнымі прыгожымі валасамі колеру спелага жыта, гэтыя валасы, падумаў Даніла Прусак, і саслужылі ёй дрэнную службу, бо ў горадзе неяк пабудавалі новы завод, вядома, ваеннага прызначэння, але ў адным з цэхаў дзеля камуфляжу пачалі распрацоўваць бытавыя прыборы, у тым ліку і фен для валасоў, і на вокладку ўпаковачнай каробкі спатрэбіўся рэкламны здымак маладой дзяўчыны — вось яна і трапіла на вока фатографу, і выява яе галавы з распушчанымі валасамі з’явілася на каробках з фенамі, а потым гэтыя здымкі пачалі наклейваць маладыя вадзіцелі на свае грузавікі

        АЛЕСЯ

чыталі гараджане на скрынях з фенамі і на кабінах машын, якія вадзілі чырванашыія ўчарашнія армейцы, а потым у правінцыйны гарадок завітаў сталічны кінарэжысёр, які здымаў тут царкву і мост, і паабяцаў зняць у фільме Волечку: яе сапраўднае імя было Вольга, і яна хадзіла да рэжысёра ў гасцініцу, а потым, калі той з’язджаў назад у сталіцу, спрабавала засіліцца — звычайны «тэатральны суіцыд», і вось цяпер яна ўбачыла Данілу і адразу пазнала яго (заўсёды пазнавала), памяць яна мела надзвычай учэпістую, пераходзіць на другі бок вуліцы было позна, і Даніла Прусак сказаў

        ну, прывет, Волечка, усё прыгажэеш

а яна заўсміхалася гнілымі ад незалечанага карыесу зубамі і папрасіла адразу

        дай цыгарэтку

і ён сказаў

        я і ў школе не курыў, ты ж памятаеш

хацеў ісці далей, але яна спытала неспадзявана

        навошта ты прыехаў у гэты горад, Данііл?

ўдакладніла

        ён жа мёртвы, тут усе мёртвыя

быццам з вачэй яе на імгненне-другое ўпала заслона, бо ён убачыў раптам у іх асэнсаванасць, тугу і боль, і сказаў

        ты ж жывеш у ім, і іншыя людзі, бо не могуць жа ўсе перасяліцца ў Парыж ці Прагу ці нават у якую Вільню па суседству

але яна сумна ўсміхнулася

        таму і не могуць, бо з іх жыццё высмактана, уцякай адсель, Данііл, а то ён змарнуе і цябе, высмакча і твае сілы, забярэ ўсё, — ты ненадоўга сюды, праўда?

і дадала настальгічна

        а памятаеш наш клас?

на што Даніла Прусак адказаў

        а як жа, памятаю, сустракаю таго-сяго іншым разам, вось як цябе

і адчуў сябе ніякавата, бо не любіў пустых успамінаў і робленых размоваў, але яна перапыніла

        з таго класа амаль палова ўжо на могілках ляжаць, я запісваю ўсіх, па нумарах