Читать «Міфалогія і літаратура» онлайн - страница 4
Таццяна Шамякіна
Усе міфы, рэлігіі (якія ўзніклі з міфалогіі), паданні літаральна ўсіх народаў свету зыходзяць з існавання — у нейкі час і ў нейкім месцы — асаблівых ведаў, намнога багацейшых за нашы сённяшнія веды. Сёння і навука схіляецца да думкі, што міфалогія — гэта зашыфраваныя ў сімвалічнай форме старажытныя веды. Увасабленнем такіх ведаў у міфах было Залатое Руно, Жар-птушка, філасофскі камень, што шукалі алхімікі яшчэ нават у эпоху Адраджэння. У старажытнасці веды захоўвалі жрацы.
Міфалогія з’яўляецца асновай, важнейшым падмуркам культуры чалавецтва.
Звычайна думаюць, што міф — тая ж казка, карацей, вымысел, фантазія. На самай справе ўсё наадварот: міф — гэта найбольш поўнае асэнсаванне рэчаіснасці, найбольш багатая мадэль свету. Безумоўна, мы, людзі ХХІ ст., пасміхаемся з багоў антычнасці ці славянскіх. Увогуле наша цывілізацыя матэрыялістычная. Але і ў наш час ствараецца міфалогія, не менш багатая, але заснаваная на зусім іншай парадыгме — яна часта звязана з ідэалогіяй, з палітыкай. У цэлым жа для міфа характэрна:
а) сакралізацыя часу першастварэння;
б) нераздзеленасць вобраза і значэння;
в) усеагульнае адухаўленне і персаніфікацыя;
г) цесная сувязь з рытуалам;
д) цыклічная мадэль часу;
е) метафарызм;
ё) сімвалізм;
ж) сінтэтызм, дзякуючы якому з міфалогіі выйшлі: філасофія, рэлігія, мастацтва, нават навука;
з) гармонія, цэласны і ў многім эстэтычны падыход да свету.
Асноўныя аб’екты цікавасці міфалогіі — нябачны свет, цуд і смерць-уваскрэсенне. На працягу ўсёй гісторыі людзі раздзялялі свет на бачны і нябачны. У язычніцтве нябачны свет — багі, што персаніфікуюць сілы прыроды, духі локусаў (пэўнай прасторы); у хрысціянстве — Бог, анёлы, дэманы, душы жывых і памерлых; у філасофіі — свет з’яў і свет прычын, свет рэчаў і свет ідэй; у навуцы — мікравелічыні, мікробы. Ёсць рэчы і з’явы, існаванне якіх не выклікае сумнення, але іх немагчыма выразіць у тэрмінах нейкіх вымярэнняў: усе ідэі, вобразы, успаміны, снабачанні — таксама па сутнасці нябачны свет. Сапраўды, псіхіка чалавека — як бы чацвёртае вымярэнне. Думка рухаецца ў чацвёртым вымярэнні — для яе няма перашкод. Мы самі — чатырохмерныя істоты і звернуты да трохмернай прасторы толькі адным сваім бокам. Большая ж наша частка — у чацвёртым вымярэнні, але мы, на жаль, пра гэта не памятаем: жывём у чатырохмерным свеце, а ўсведамляем сябе ў трохмерным. Чацвёртае вымярэнне — унутры нас, наша свядомасць, дух.
Чалавек ніколі не мог пераканаць сябе ў ідэі смерці — залішне многае ёй супярэчыла. Вось чаму ідэяй вечнага адраджэння прасякнуты ўсе міфалагічныя сістэмы свету, шматлікія рытуалы: рэлігійныя (Раство, Вялікдзень), фальклорныя (Масленіца), а таксама мастацтва — тэатр, прыгожае пісьменства.
Міф мадэлюе новую, вышэйшую рэальнасць, як і мастацтва. А з рэлігіяй міф звязвае тое, што ён дае накірунак у жыцці, арыенціры ў Космасе. Міф застаецца міфам, пакуль у яго вераць. Як толькі вера страчана, міф ператвараецца ў мастацкі твор: эпас, казку, драму і пад. Калі ж вера, наадварот, узмацняецца і дапаўняецца вытанчанай філасофіяй, міф арганічна перарастае ў рэлігію.