Читать «Міфалогія і літаратура» онлайн - страница 2
Таццяна Шамякіна
Многія пісьменнікі мадэліравалі і мадэліруюць рэчаіснасць паводле законаў міфалагічнага мыслення. Тыпы мастацкай міфалагізацыі наступныя:
Стварэнне сваёй арыгінальнай сістэмы міфалагем (характэрна ў асноўным для пісьменнікаў-рамантыкаў — А. Міцкевіча, М. Гогаля, Э.Т.А. Гофмана).
Аднаўленне глыбінных міфа-сінкрэтычных структур мыслення (напрыклад, ваўкалацтва, двойніцтва персанажаў — у Ф. Дастаеўскага, Г.Сянкевіча, Я. Баршчэўскага).
Рэканструкцыя старажытных міфалагічных сюжэтаў, іх сучасная інтэрпрэтацыя (біблейскія сімвалы ў В. Быкава, В. Адамчыка).
Увядзенне асобных міфалагічных матываў і персанажаў, узбагачэнне канкрэтна-гістарычных вобразаў універсальным сэнсам (Я. Купала, М.Багдановіч, В. Быкаў, У. Караткевіч).
Паказ-аднаўленне фальклорных і этнічных пластоў нацыянальнага быцця, дзе яшчэ жывыя элементы міфалагічнага светасузірання (А.Міцкевіч, Я. Чачот, Я. Баршчэўскі).
Прытчавасць, лірыка-філасофская медытацыя, арыентаваная на архетыповыя канстанты чалавечага і прыроднага быцця: дом, хлеб, дарога, вада, гара, любоў і г.д. (Я. Купала, Я. Колас, М. Гарэцкі, сучасныя пісьменнікі постмадэрнізму).
Міф больш характэрны для архаікі, але наш час таксама напоўнены міфамі, толькі мы не разумеем, што гэта міфы. Міфалогія вельмі жывучая, можна сказаць, несмяротная форма фантазіі. Міфалагічны светапогляд існаваў заўсёды і не знікне ніколі. Нават у наш прагматычны час людзі працягваюць верыць у цуд, а такая вера і ёсць праяўленне міфалагічнай свядомасці. Міфы — найперш псіхічныя, псіхасацыяльныя феномены, таму міфатворчасць — частка і дзяржаўнай палітыкі. Наша жыццё і па сёння застаецца пад уладай магаў-міфатворцаў. Ідэалогія і палітыка вельмі шырока выкарыстоўваюць міфалогію і яе сімвалы. Часам гэта праяўляецца ўскосна, напрыклад, у рэкламе. Стваральнікі рэкламы прама гавораць: каб прадаць нейкі тавар, неабходна стварыць яму міф, легенду (а таварам, на жаль, сёння робіцца ўсё, нават чалавек-творца). Але ў цэлым, у глабальным плане, міфалогія дапамагае знайсці нацыянальную ідэю, правільна зразумець уласную харызму (тое, што надае народу адметнасць) і асноўныя этнічныя архетыпы, рацыянальна ўсвядоміць і інтуітыўна адчуць свае гістарычнае і геапалітычнае прызначэнне.
Звычайна лічыцца, што навуковы светапогляд — антыпод міфалагічнага. Але і сама навука напоўнена міфамі. Уласна, развіццё навукі — гэта пастаяннае адмаўленне адных міфаў і замена іх іншымі. Толькі тое, што можна праверыць практыкай, — не міф. Інакш кажучы, калі на аснове таго ці іншага закона, адкрытага навукай, можна пабудаваць прыбор, механізм, машыну, і яны будуць працаваць, — толькі тады можна гаварыць пра сапраўдную навуку, пра пазнанне законаў прыроды.