Читать «Міфалогія і літаратура» онлайн - страница 5

Таццяна Шамякіна

Такім чынам, міфалогія — не збор казачак ды легендаў. Гэта тып мыслення, які дамінуе ў гісторыі чалавецтва.

Асноўныя крыніцы для вывучэння міфалогіі:

А) Помнікі так званай ведыйскай (ад Веды) традыцыі і індыйскія нацыянальныя літаратурныя эпасы: «Рыгведа», «Упанішады», «Махабхарата», «Рамаяна».

Б) Помнікі іранскай, зараастрыйскай традыцыі — «Авеста», «Шахнамэ» Фірдуосі.

В) Помнікі грэчаскай і рымскай міфалогіі: паэмы Гамера «Іліяда» і «Адысея», «Тэагонія» Гесіёда, «Міфалагічная бібліятэка» Апаладора, «Пра прыроду багоў» Цыцэрона, «Пра Ісіду і Асірыса» Плутарха.

Г) Пра германскую і кельцкую міфалогію захаваліся працы Тацыта, Юлія Цэзара, Годфрыда Манмуцкага, цыкл пра караля Артура ў розных расповядах, «Старэйшая Эда», «Малодшая Эда» і «Круг зямны» СнорыСтурлусона і інш.

Д) Славянскую міфалогію можна вывучаць на аснове Поўнага збору рускіх летапісаў, «Слова пра паход Ігаравы», западаных хронікаў пра германцаў і іх суседзяў, напрыклад, твораў Адама Брэменскага, Саксона Граматыка; сведчанняў арабскіх падарожнікаў (Ібн Фалдана, Аль Масудзі); працы Яна Длугоша «Гісторыя Польшчы» і больш позніх польскіх і літоўскіх гісторыкаў Я.Стрыкоўскага, Ч.Мяхоўскага; чэшскага сярэднявечнага слоўніку «Mater Verborum»; павучэнняў супраць язычніцтва і жыццяў святых; фальклорных крыніц; моўных фактаў.

Пытанні для засваення і самаправеркі:

1. У чым асноўныя асаблівасці міфалогіі як тыпу свядомасці, як «паэтычнай філасофіі»?

2. Што аб’ядноўвае міфалогію з іншымі формамі грамадскай свядомасці — навукай, рэлігіяй, мастацтвам?

3. Якія асноўныя праблемы міфалогіі і аб’екты яе цікавасці?

4. Чаму міфалогію можна лічыць філалагічнай дысцыплінай?

5. Як праяўляецца міфалагізм у літаратуры?

6. Асноўныя паняцці, неабходныя для разумення курса «Міфалогія і літаратура».

7. На аснове якіх крыніц вывучаецца міфалогія?

РАЗДЗЕЛ 1

Вытокі міфалогіі, яе раннія формы

Архаічны (даміфалагічны) светапогляд. Татэмізм

Глебай, на якой узрасла міфалогія, з’яўляюцца старажытныя вераванні людзей эпохі палеаліту і неаліту — татэмізм, анімізм, магія.

Часавы абсяг нашага курса — пачынаючы прыкладна з Х тыс. да н. э. Чаму менавіта дванаццаць тысяч гадоў? Справа ў тым, што прыкладна з Х тыс. да н. э. пачаўся новы этап у гісторыі чалавецтва пасля глабальнага катаклізму, у выніку якога нават змясцілася зямная вось: Зямля нахілілася (магчыма, у выніку ўдару астэроіда) на 23,5 градусы і з таго моманту рухаецца вакол Сонца як бы трохі лежачы на баку. Мяркуюць, што да ўсепланетнай катастрофы на нашай планеце існавала Суперцывілізацыя, якая загінула і веды пра якую часткова захаваліся ў міфах. Пасля «кульбіту» Зямлі ў Сібіры імгненна ўзнікла вечная мерзлата (вось чаму ў страўніках умароджаных у лёд мамантаў нават засталася неперавараная ежа), а на нашай тэрыторыі вельмі хутка растаяў ледавік. У значнай ступені чалавецтва дэградавала. Але частка ведаў захавалася. Іх хавалі ад непасвячоных жрацы, ёгі, вешчуны. Своеасаблівая навука, якая засталася ад біялагічнай Суперцывілізацыі, найлепш праявілася ў магіі. Міфалогію таксама можна разглядаць як зашыфраваныя веды, што засталіся ад ранейшай цывілізацыі і набылі казачную форму, хоць традыцыйна лічыцца, што магія і міфалогія звязаны з арганічнай блізкасцю чалавека да прыроды. Гэта не выключае адно другога.