Читать «Міфалогія і літаратура» онлайн - страница 3

Таццяна Шамякіна

Сучасны даследчык міфалогіі адзначае: «Міфалогія — гэта асаблівы, таямнічы, вечны свет, створаны чалавекам для таго, каб растлумачыць прыроду, космас і самога сябе, каб зразумець тую сілу, якая усім кіруе… Міфалогія такая разнастайная і шматаблічная, як уласна чалавек і яго культура… У міфалогіі патаемная, неадназначная, сімвалічная і вельмі прыгожая мова, што адлюстроўвае мудрасць, шуканні, спакусы, страх і надзеі незлічоных пакаленняў» [Ю.М.Антонян]. Мы ж лічым, што міфы — гэта выяўленне імкнення калектыўнага чалавечага розуму наблізіцца да спасціжэння сапраўднай задумы Творцы Сусвету. Міф заснаваны на веры ў Бога і бессмяротнасць. Галоўная цікавасць міфа — Бог і душа чалавека. Асаблівасць міфа і ў тым, што ён імкнецца разгадаць тое, што немагчыма разгадаць да канца: чалавека, прыроду, космас, нараджэнне і смерць, сэнс быцця, існаванне ў іншасвеце. Усё таямнічае, да канца непазнанае, містычнае называецца сакральным — таксама адно з галоўных у міфалогіі паняццяў.

Міф адлюстроўвае рэальнасць, але адлюстроўвае вельмі своеасабліва. Ён ніколі не адэкватны рэальнасці — гэта не фатаграфія; міф гаворыць мовай знакаў, сімвалаў, архетыпаў. Ад іншых формаў пазнання (напрыклад, навуковага) міф адрозніваецца тым, што заўсёды і ва ўсім абапіраецца на звышнатуральнае, містычнае і аперыруе імі. Міфалогія — знакавая сістэма, сімвалічная «мова», у тэрмінах якой чалавек мадэліраваў, абагульняў з’явы свету. Усё ў свеце міф імкнуўся растлумачыць, перадаць менш вядомае праз больш вядомае. Паводле такога ж прынцыпу пабудаваны метафары ў мове. Міф заўсёды абагульняе, але — праз канкрэтнасць.

Міф — з’ява пастаянная і нязменная для ўсіх людзей і ва ўсе часы. Мадэлі, сюжэты і нават дэталі з міфаў сустракаюцца паўсюль. Найбольш агульныя мадэлі называюцца архетыпамі. Міф — тое, што дайшло ад продкаў, закладзена генетычна, закадзіравана ў нашых генах, значыць, уваходзіць у структуру падсвядомасці.

Міф — расповяд пра падзеі, што былі да пісьмовай гісторыі, і пра падзеі, што толькі адбудуцца некалі. Міф — нітка, якая злучае мінулае, сучаснае і будучае.

Міф — своеасаблівая мова, што апісвае рэаліі, якія знаходзяцца па-за нашымі пачуццямі. Ён запаўняе мяжу паміж вобразамі падсвядомасці і мовай логікі.

Міф садзейнічае самавызначэнню этнасаў (родаў, плямёнаў, нацый), фарміруе нацыянальны светапогляд.

Міф — неабходны элемент ва ўсіх маральных кодэксах. Мараль выводзілася з міфалогіі, з рэлігійных вераванняў.

Міфалогія — комплекс уяўленняў, які надае жыццю сэнс. Яна дапамагае асобным людзям, усяму грамадству адэкватна прыстасоўвацца да асяроддзя.

Міфалогія занатавала стасункі чалавека і прыроды. Гэта зведзеныя ў адну сістэму назіранні чалавека над прыродай, максімальна абагулены вопыт, прыяўлены праз сістэму вобразаў. Міф заснаваны на тым, што ў Космасе літаральна ўсё знаходзіцца ў сувязі. Чалавек уключаны ў агульны кругазварот, не стаіць над прыродай, а жыве суладна з ёю. Мы намнога больш залежым ад прыроды, ад Космасу, чым уяўляем. І мы знішчаем, падаўляем прыроду, а нашы продкі мудра да яе прыстасоўваліся і ўнутры яе гарманічна існавалі.