Читать «Дэжа вю: перавыбранае» онлайн - страница 4

Андрэй Хадановіч

Калі разгуляецца… Люблю навальніцу на свята працоўных, калі разгуляецца ў небе пярун, а тут, на зямлі, са стыхіяй на роўных, свой верш прамаўляе паэт-гаварун. Нябёсы маланкай міргнуць дабрачынна, вясновую зліву ўзмацніўшы ўтрая, – прамокне наскрозь чарнявая дзяўчына, прынада, прынада, прынада мая!.. Да хаты вяртаецца ўдзячная моладзь з дзіцячых садкоў беларускіх і школ, нябеснага бацьку ў Жыровічах моляць, каб шчасце ды мір панавалі вакол. На ўсходзе даўно не здаралася путчаў, на захадзе хутка дазволяць аборт, а шчасны паэт, не раўнуючы Цютчаў, чакае натхнення, пускаючы “word”. Ён будзе пяяць пра сюжэт старадаўні. Пра іншае, дружа, пакуль памаўчы! Як кожнага году на першага траўня, галоўнае свята пачнецца ўначы. Курган векавечны амаль раскапаны, і хутка натоўп неразумных хазар, вампіры і ведзьмы, залётнікі й панны, калонай памкнуць на славянскі базар! Сябрына на шабаш, бы спожыць у кайстру, – без лебедзяў чорных і белых варон. І кожнай Мальгрэце – асобнага Майстра, і кожнаму Фаўсту – уласны патрон. Шатаны, анёлы, багі, дэміургі, прыходзьце, нясіце дары ў дарасхоў: зямля беспасажна-цнатлівых Вальпургій дагэтуль чакае сваіх жаніхоў! Вольны муляр Я буду будаваць сабе кватэру, з буслам на даху й Будам на сцяне. Не бунгала, не будку бультэр’еру – бетонны бункер – не разбурыш, не! Каб днём бурлескам бузаваць паперу і бударажыць будуар у сне. Будуючы, у будучыню веру… Хоць з бадуну нам рай і ў будане. Будуйма! А падтрымкай нашым будням – Сямён Будзённы із Сымонам Будным, Афрык Сымон (музыка), дзядзька Сэм, Сім, Хам, Яфет… Збудуйма нармалёва і Будапешт, і Буда-Кашалёва, Буэнас-Айрэс, Бургас, Бэтлеем!