Читать «Дэжа вю: перавыбранае» онлайн - страница 3

Андрэй Хадановіч

З чаго пачынаецца Жодзіна? З чаго пачынаецца Жодзіна? Дальбог, не з машыны “БелАЗ”!.. Я сёння святкую народзіны: Як што, запрашаю і вас! Пад месяцам, сонцам і зоркамі Балюе з суседам сусед. Як сцвердзіў паэт, i паморкамі Ёсць час для сяброўскіх бясед! Як не, адмаўляйся без сораму – Шмат ежы на Белай Русі! Пад месяцам, сонцам і зорамі Ўсяго ўсё адно не з’ясі! Шчэ больш на зямлі – мама родная! – Харошых ды розных кабет; Ды не пакахае ніводная, Хоць руш у манахi ў Тыбет! Сігаеш за пекнымі паннамі, Ды марным стаецца твой сіг. І ўсё ж не памрэм занядбанымі, Бо Жодзіна дбае пра ўсіх! Сардэчнымі словамі, поўхаю, Прутом, бізуном, рамянём Гадуе, кунежыць, выхоўвае. І большай ні ўночы, ні днём Нас песціць не знойдзем аматаркі. А як адыходзім да сну, Вачыма ласкавае мацеркі Глядзіць у калыску й труну. Пільнуе ды сочыць паводзіны, То хваліць, то ставіць у кут… З чаго пачынаецца Жодзіна? Яно пачынаецца тут… За мрой экзатычныя спецыі, За праўду ў айчынным віне, За Grande Canale ў Венецыі, Які не гайдае мяне; За госця, няйначай татарына, Нязванага сябра твайго; За Катадру Нашай Спадарыні, Якая смяецца з Гюго; За сверб разумовага голаду, Што я спаталяў задарма Агнямі вялікага гораду, Якому наймення няма, – Чым стане мне змогі, аддзячу я Найлепшай у свеце зямлі – За першыя крокі дзіцячыя, За першыя слёзы, калі Бацькамі бяз жалю-без літасці Быў гнаны ў дзіцячы садок… Што будзе пасля – акалічнасці, Галоўнае – першы радок! Пачатак, прывабныя ўводзіны Жую саладзенькім дражэ: З чаго пачынаецца Жодзіна? З разгалістай літары “ж”, Як жонка, жыхарства, жыдоўская Жахліва жывая журба, Жабрацтва, журы, “Жыгулёўскае”, “Жызэль”, “Жэрміналь”, жажаба, Жырафа, жаўрук з журавінаю, Жыгучка, жаўнер, жалуды, Жаданне жывіцца жанчынаю, Жартоўнасць жыцця без жуды… Славутую песню каверкаю, Карціны ўстаюць уваччу. Пытанне гаркавай цукеркаю У роце смакую, смакчу, – Як гронку чырвонай смуродзіны. І тахкае сэрца ў грудзях. З чаго пачынаецца Жодзіна?.. І ці абяцае працяг? Бармэн-сюіта На тытунёвай фабрыцы жанчыны чатыры дні таму без дай прычыны абвесцілі агульны лакі-страйк, і ў бары прыбыло слабога полу: ціхманы апускае вочы долу, затое для залётніка – кландайк! Наш бар – утульны, танны і спакойны: сусветныя паскончваліся войны і не сваволяць зброяй землякі. А па-за тым, наш бар – на параплаве, і лярвы, не забітыя ў аблаве, бухаюць на сярэдзіне ракі. Была адна, што больш за ўсіх бухала й не апускала веек-апахала, стыдаючыся позіркаў гасцей. Яна была па пашпарце цыганкай, паводле звычак – нашай выхаванкай і ўвагі нашай знакі найчасцей “зялёнымі” прымала і “капустай”, ды яўнай не займалася распустай, бо замужам была, хоць сужанец часова кукаваў без сужаніцы, за кантрабанду седзячы ў вязніцы: злавілі на гарачым – і канец. Фліртуючы з сумнеўнымі сябрамі, яна чакала пры турэмнай браме, пакуль яе прапусціць вартаўнік, што стаўся сведкам ейнай прыгажосці і дзень пры дні чакаў красуню ў госці – і пачуцця фатальнага не ўнік. Ён прагнуў, каб аднойчы, у Севільі, ягоны сон яны ажыццявілі, пабраўшыся ў мясцовага айца… Ён не чытаў “Кармэн” – быў непісьменным. А я на параплаве быў бармэнам і бачыў гэту драму да канца. Няшчасны вартаўнік паходзіў з баскаў і з недаверам ставіўся да баксаў, і шлях, якім пайшоў ён, быў цяжкі: ён дарыць краскі, краля – анігадкі, ні гваздзікі не ўражваюць, ні брáткі, бо іншае дарылі ёй браткí. Ён трызніў у душэўным неспакоі, начамі паўтараў імя, якое мы блыталі то з кармай, то з кармой. А здрадніца сядзела ў нашым бары і, не знайшоўшы ніштаватай пары, маркотна частавалася хурмой… На параплаве музыка іграе, канчаецца трагедыя старая: прыбылы з Андалузіі нацмен у бар наш урываецца без маскі і, крыючы па-мацеры па-баскску, страляе ў беспасажніцу Кармэн: “Ну дык не даставайся ж ты нікому!” Юрлівіца правальваецца ў кому, а там адно цямрэча й цішыня… А заўтрашні Высьпяньскі (ці Астроўскі) нацешыцца й забудзе па-матроску, як востраў (выспу) ўчорашняга дня.