Читать «Дэжа вю: перавыбранае» онлайн - страница 6

Андрэй Хадановіч

Вавілонскі праект 1. Марнеюць у гародзе буракі, ні часныку не вырасла, ні кропу: вось радасці суседу-мізантропу, што пяты год не падае рукі! А ў хаце, без цукерак і сіропу, пакутуюць самотна хлапчукі: не хочуць рускамоўныя бацькі пускаць іх у пясочніцу Еўропу. Як пусціш? У тамтэйшых дзетак спрэс грашовы інтарэс і пулярэс, а іхныя бацькі – зірні на пейсы! – героі найпачварнейшых легенд – гандлёвец, здраднік, хлус, інтэлігент – жыды, касмапаліты, еўрапейцы! 2. Не, мы не проста бавімся ў пяску – падмурак новай Вавілонскай вежы будуем на памежжы. (Рым нясвежы, ды скуль жа іншы возмецца ў радку?) Канструктар “Lego” возьмем у руку… Дарэчы, што за дзіўныя відзежы? Вандроўны цень у форменнай адзежы па нашым шнырае мацерыку. Хто там ідзе? Мо ўласную харызму нам дэманструе прывід камунізму? Маг Бальтазар? Маэстра Картасар? Не, гэта з пошты тупае палкоўнік: нарэшце ліст – і ён бярэ каркоўнік, па-еўрапейску кажучы – гляйс ар. 3. Не тую парыжанку, што ўсе вы шануеце не менш за Мону Лізу; не іншую, чый кругаслуп крывы на ўсе вякі праславіў горад Пізу; не тое дзіва, што сярод Масквы сасной палала ад гары да нізу, – не, нашая не схіліць галавы дый у Еўропу нам адкрые візу! Складзем на вежы з вершаў пра чабор дыхтоўны беларускі кнігазбор, што апявацьме Борхес невідушчы… А мо наўкола пасадзіць лясы і жыць, як у Гусоўскага часы, у нетрах Вавілонавежскай пушчы?.. 4. Не хопіць у пясочніцы нам гліны, каменьчыкаў стае адно ледзь-ледзь, а мы ўсё лепім крохкія цагліны, каб нашай пабудове ацалець. Будуем казематы, равеліны і кажам: “Трывалейшыя за медзь!” А словы сэнс мяняюць штохвіліны, і аднадумцам цяжка зразумець. Мы ім: – Каштоўны скарб Старога Свету! Друкарства! Рэфармацыя! Асвета! Навука! Гільятэн і Франкенштэйн! Грамадская й Шэнгенская дамовы! Кілішак дваццаціпяціграмовы! Еўропа, разумееш?! – Ніхт ферштэйн.