Читать «У сьвятле гістарычных фактаў» онлайн - страница 11
Паўла Урбан
Калісьці яшчэ А.А.Шахматаў зьвязаў гэтую сутычку Рагвалода і Ўладзіміра з 970 годам[31]. Дарэчы, і ў летапісах сустракаюцца сьведчаньні, што гэтая сутычка здарылася тады, калі Ўладзімір быў яшчэ «дзіцём», а ў канфлікце галоўную ролю адыгрываў Дабрыня - дзядзька і ваявода Ўладзіміра. Яны й былі пакліканыя ў Ноўгарад у 970 годзе. Расейскі гісторык ХVІІІ стагодзьдзя В.Н.Тацішчаў, які карыстаўся летапісамі, у тым ліку адным з полацкіх летапісаў, што пасьля загінулі (праўдападобна, у пажары Масквы 1812 году), пісаў, што разгляданы тут канфлікт узьнік у сувязі з тым, што полацкі князь Рагвалод «повоева волости новогородские»[32]. І гэта магло здарыцца ў 971 годзе. У гэтым годзе кіеўскі князь Сьвятаслаў Ігаравіч, бацька Ўладзіміра, у баўгарскім паходзе мусіў быў капітуляваць перад бізантыйскім імпэратарам ды загінуў ад печанегаў, варочаючыся ў Кіеў. Гэтыя абставіны мог выкарыстаць Рагвалод, напаўшы на Ноўгарад. У вайне з Ноўгарадам Рагвалод, праўдападобна, і загінуў.
Полацкае княства, аднак, ня страціла сваёй самастойнасьці. Найбольш праўдападобна, што княская ўлада ў ім перайшла да Рагнеды, якая, магчыма, была не дачкой, а жонкай Рагвалода. Яе сынам быў Ізяслаў, які адначасна быў адным з тых «двух сыноў» Рагвалода, што быццам бы загінулі разам з бацькам. Як паведамляецца ў летапісах, гэты Ізяслаў памёр у 1001 годзе, таксама ўжо маючы двух сыноў: Усяслава, які памёр у 1003, і Брачыслава. Гэты Ўсяслаў згадваецца, як полацкі князь, што змушае ўгледжваць у ім дарослага чалавека. Дзецьмі, што паміралі рана, тым больш дзецьмі «правінцыйных» князёў, звычайна кіеўскія летапісы не займаліся. Усё гэта змушае адначасна ўважаць і Ізяслава за куды старэйшага, чымся мог быць як сын Уладзіміра й Рагнеды, народжаны дапушчальна ў 981 годзе, г.зн. пасьля гэтак званага зваяваньня Полацкага княства Ўладзімірам і «паланеньня» Рагнеды ў 980 годзе. Аднесьці «паланеньне» Рагнеды да падзеяў 971 году і зьвязаць з гэтым годам і нараджэньне Ізяслава мы ня можам з прычыны маленства ў тым часе самога Ўладзіміра.