Читать «У сьвятле гістарычных фактаў» онлайн - страница 10
Паўла Урбан
Трэба тут яшчэ нагадаць і пра той факт, што няма гутаркі пра Полацак у гандлёвых умовах Кіеўскае Русі зь Бізантыяй 912 і 944 гадоў; ня згадвае пра Полацак і бізантыйскі імпэратар Канстантын Парфірагенэт, хоць у сваёй ведамай працы ён і пералічвае ўсе залежныя ад Кіева гарады. Дарэчы, у другой палове Х стагодзьдзя Полацкае княства жыло сваім незалежным палітычным жыцьцём) пра што будзе гутарка ніжэй. Як вынікае, незалежным яно было і ў першай палове гэтага Х стагодзьдзя. Шмат якія савецкія гісторыкі, у тым ліку А.Н.Насонаў, М.І.Артамонаў і В.Т.Пашута[29], канстатуюць, што за часамі Алега й пасьля Кіеўская Русь абмяжоўвалася да земляў сьціслае Кіеўшчыны й Ноўгарадчыны. Яе тэрытарыяльны рост прыпадае толькі на часы княжаньня Сьвятаслава Ігаравіча й ягонага сына Ўладзіміра, пра што сьведчыць і «Повесть временных лет». Для ранейшых часоў, прыкладам, Пашута дапушчае йснаваньне нейкага незалежнага дзяржаўнага аб'яднаньня («хаўрусу плямёнаў») з цэнтрам у Полацку.
Між іншага, у «Повести временных лет» пра Полацак згадваецца яшчэ пад 862 годам, г.зн. раней за княжаньне Алега. Тут ідзе гаворка пра тое, як Рурык быў пакліканы ў Ноўгарад ды раздаваў «мужем своим грады: овому Полотеск, овому Ростов, другому Белоозеро». Пад 980 годам зноў паведамляецца, што «бе бо Рогволод пришел из заморья» й «имяше власть свою в Полотьске». Як можам канстатаваць, тут фактычна паўтараецца адна і тая ж легенда пра «вараскае» валоданьне ў Полацку: і пакліканы «вараг» Рурык тут садзіць «свайго мужа» і Рагвалод прыходзіць «из заморья». Згадваецца таксама й пра той жа Растоў, які, згодна В.А.Кучкіна, быў заснаваны толькі ў канцы Х ці пачатку ХІ стагодзьдзя. Зноў жа, гістарычна даведзена, што гэтак званыя варагі-русы аселі на ўсходзе Эўропы куды раней, а гэта недзе на пачатку ІХ стагодзьдзя, пра што сьведчаць шмат якія крыніцы, у тым ліку й арабскага паходжаньня[30].
Даводзіцца толькі сьцьвердзіць, што ІХ стагодзьдзе - гэта даволі цёмны пэрыяд у гісторыі ўсходніх славянаў, што прывяло да ўзьнікненьня розных дапушчэньняў, да ведамага змаганьня ў гістарыяграфіі між «нарманістамі» й «антынарманістамі». Яшчэ цямнейшы быў ён для аўтара «Повести временных лет». Не забывайма, што гэтую «повесть» ён пісаў на пачатку ХІІ стагодзьдзя, калі Кіеўская Русь перажывала агонію поўнага развалу. Маючы жаданьне і заданьне ратаваць ейную цэласьць і «магутнасьць», ён, бясспрэчна, узалежніваў ад Кіева з даўных часоў усе землі ўсходніх славянаў, у тым ліку і Полацкае княства, тым больш, што гэтае княства сваёй незалежнасьцяй найбольш спрычынілася да развалу самое Кіеўскай Русі.
Выходзячы з гісторыі палітычна-тэрытарыяльнага росту Кіеўскай дзяржавы ў Х стагодзьдзі й факту незалежнасьці Полацкага княства ў другой палове гэтага стагодзьдзя, даводзіцца таксама канстатаваць, што Полацкае княства было самастойным і раней. У другой палове Х стагодзьдзя ў Полацку княжыў Рагвалод. Ён быў гістарычна-рэальнай асобай, бо пра яго шмат згадваецца ў летапісах ды сярод князёў Полацкага княства й пазьней сустракаліся князі на імя Рагвалод. Пра першага гістарычна ведамага полацкага князя Рагвалода ў летапісах паведамляецца супярэчліва. Супярэчлівасьць датычыць і ягонага канфлікту з ноўгарадзкім князем Уладзімірам. Канфлікт гэты летапісы адносяць да 980 году, і ён быццам узьнік з тае прычыны, што ў змаганьні Ўладзіміра з сваім братам кіеўскім князем Яраполкам Рагвалод схіліўся на бок Яраполка, пасватаўшы нават за яго дачку Рагнеду. У сувязі з гэтым Уладзімір напаў на Полацкае княства, забіў Рагвалода й «сына его два», сілай забраў Рагнеду, тады перамог Яраполка. Схэма гэтая выглядае даволі спрошчанай, бо цяжка дапусьціць, каб Уладзімір адначасна мог выступіць і супраць Кіева, і супраць Полацку. У гэтую схэму неяк не ўплятаецца таксама пазьнейшая «міласьлівасьць» Уладзіміра - зварот Рагнедзе «з сынам» Полацкага княства, пры гэтым у абставінах, калі гэтая «паланянка» ці звычайная «ваенная здабыча» зрабіла замах на жыцьцё таго ж Уладзіміра.