Читать «У сьвятле гістарычных фактаў» онлайн - страница 9
Паўла Урбан
Гісторыю Полацкага княства Абэцэдарскі наагул абыходзіць поўным маўчаньнем. Замест таго, каб хоць крыху зазірнуць у гэтую гісторыю, ён працягвае паўтараць сваю зацяганую «праўду»:
Перш-наперш няма ніякіх падставаў улучаць Полацкае княства ў склад Кіеўскай Русі за часамі Алега (882-912) ці нават яшчэ раней. Такога паходу Алега на Бізантыю ў 907 годзе, пра які тут кажа Абэцэдарскі, зусім не было. Бізантыйскія крыніцы, якія занатоўвалі ўсе іншыя набегі Русі, пра гэты «пераможны» паход Алега ня ведаюць, дый у «Повесть временных лет» ён трапіў як фантазія летапісца, складзеная з элемэнтаў іншых набегаў на Бізантыю тае ж Русі й Баўгарыі[26]. Значыцца, не магло браць удзелу ў гэтым паходзе й Полацкае княства. З гэтае прычыны яно не магло й скарыстаць з тых «пераможных укладаў», якія быццам бы тады былі накінутыя Алегам Бізантыі. Некалі яшчэ А.А.Шахматаў, дапушчаючы магчымасьць існаваньня аднае гандлёвае ўмовы з 907 году, паставіў пад пытаньне праўдзівасьць гэтых «пераможных» паходаў Алега й ягоных «укладаў» зь Бізантыяй ды давёў, што ўлучэньне ў гэтую афэру Полацку, Растова й Любеча было звычайным «домыслом составителя "Повести временных лет"». Пасьля да падобнае думкі прыйшоў і савецкі гісторык А.Н.Насонаў[27], а зусім нядаўна паўтарыў яе іншы савецкі гісторык В.А.Кучкін, зазначаючы, што, прыкладам, Растоў ня мог браць удзелу ў гэтым паходзе Алега ўжо толькі з тае прычыны, што ён тады яшчэ не йснаваў[28].
Дарэчы, за часамі Алега не йснаваў таксама і Пераяслаў, аднак аўтар «Повести временных лет» улучае і яго ў гэтыя Алегавы «ўклады». Акрамя таго ў Любечы ніколі не было «вялікага князя», але той жа аўтар, як у выпадку Полацку, Растова, Пераяслава й Чарнігава (Ноўгарад наагул адсутнічае), і ў Любечы садзіць «вялікага князя» ды «ўзалежнівае ад Алега» «вялікіх князёў» усіх гэтых гарадоў («по тем бо городом седяху велиции князи под Олгом суще»).