Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 52

Васіль Ткачоў

Сяргеевічу хацелася з кім-небудзь пагаварыць, адкрыць сваю душу, тады мо і лягчэй стала б. Ну, прыйдзеш дахаты, сядзеш насупраць жонкі і будзеш так сядзець сабе. Хіба ж яна зразумее! Ды і што разумець? Ат! Горш таго, адразу спытае: «Чаму ж так рана сёння вярнуўся? Збег?» Што ёй скажаш? Не-е... Дамоў — нельга, ранавата. Тады ён успомніў пра Міколу Шалабодава, аднапалчаніна. Вось з кім трэба стрэцца! Той зразумее...

Мікола ўжо каторы год на пенсіі, сядзіць сабе дома, унукаў песціць. Ён — не Сяргеевіч: гэта той усё без калектыву не можа, а калектыў, бачыце, як да яго сёння...

Сяргеевіч датэпаў урэшце да дома, у якім жыве-дбае аднапалчанін, адшукаў пад'езд, кватэру, утапіў кнопку. За дзвярыма пачуліся крокі. «Дома,— з радасцю адзначыў Сяргеевіч.— Яго, яго крокі, бы мядзведзь ступае ўсё яшчэ».

3 дзвярэй выглянуў Мікола.

— А, ты, Сяргеевіч,— быў рады госцю аднапалчанін, шырока працягнуў насустрач рукі.— Праходзь, праходзь, дружа.

Злёгку абняліся.

— Са святам цябе, Мікалай,— ціха, не зусім урачыста прамовіў госць.

— I цябе, і цябе, Іванка. Знімай паліто,— Мікола, шырока ўсміхнуўшыся, дапамог Сяргеевічу.— А туфлі — не трэба: з падлогі цягне ды і не прыбіраўся сёння. Усё няма калі.

Яны падаліся ў залу, вялікую і светлую, селі за круглы стол. Шалабодаў усміхнуўся Сяргеевічу, чакаў такой жа ўсмешкі ў адказ, але яна не пазначылася на твары госця. Сяргеевіч сядзеў сумны, у голаў падкралася думка: «Не буду расказваць пра сваю крыўду. Ён усё роўна не зразумее. Сам жа некалі ў дырэктарах хадзіў...» I не расказваў бы, сядзеў бы так моўчкі, абыякавы да ўсяго на свеце, але ж Шалабодаў — псіхолаг, з людзьмі працаваў, ад яго ні пад якой маскай не схаваешся.

— Настрою ў цябе, браце, бачу, няма. Хто пакрыўдзіў? Прызнавайся. Сёння такі дзень, а ты нос павесіў.

«Ат, раскажу,— рашыўся ўсё ж Сяргеевіч.— Яму — можна. 3 аднаго кацялка, як кажуць, сёрбалі».

— Пачакай! — Шалабодаў нырнуў на кухню, вярнуўся з графінчыкам, паставіў на стол два келіхі.— От. Зараз мы. Свята сёння ці не свята, га, Сяргеевіч? Ну-ну, ты мне кінь гэта — дзьмуцца,— жартаўліва пагразіў ён пальцам на таварыша-франтавіка і зноў малайцавата, лёгка намкнуўся на кухню.

«Правільна ён жыве,— сядзеў і думаў Сяргеевіч пра Мікалая.— У яго і гарэлка дома вунь ... А ў мяне ці ўстаіць? Дудкі. Ды і прыйдзі толькі з цляшкай — гвалту не абярэшся. А хто вінаваты? Сам. Вядома, сам...»

Вярнуўся Шалабодаў з закускай.

— Навошта, братка, столькі ўсяго? — падзівіўся Сяргеевіч.

— Не асілім — не прападзе,— Шалабодаў падсунуў бліжэй да баявога таварыша талерку з вілкай, узяўся напаўняць келіхі.

— Давай — за франтавую дружбу... За тых, хто не вярнуўся разам з намі, не дажыў да сённяшняга шчаслівага дня.