Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 53

Васіль Ткачоў

Узялі келіхі, дакрануліся імі, выпілі.

Ціха-мірна працякала паміж франтавымі сябрамі гамонка. Успаміналі яны свае паходныя вогпішчы, бы зноўку грэліся над полымем, сяброў, з якімі дзяліліся і апошнім сухаром, і апошняй цыгаркай. Сяргеевіч павесялеў, забыўся пра сход. Іншы раз, праўда, нагортваліся думкі: «А што было? Ды нічога і не было. Падумаеш, не далі канверт з чырвонцам... Хіба ў мяне грошай не хапае! Ёсць. I яшчэ, было б здароўе, заробім. Ды і калі пакласці руку на сэрца, па- шчыраму калі, дык і не павінен я мець той канверт. П'ю? П'ю. А каму сёння да таго — ваяваў ты ці курэй шчупаў? Што было, тое было. Тады мо і быў ты, Сяргеевіч, чалавекам, а сёння ж, круці не круці, - дурны прыклад маладым...»

Шалабодаў глядзеў на адпапалчаніна, успомніў, якім быў Іван у маладосці, у дні вайны: весяльчак, аматар на вострае слова — не толькі ў роце, у палку не знойдзеш больў такога. Знаходлівы быў, кемлівы, смелы. А вось потым... Шалабодаў асцярожна спытаўся:

— П'еш? Ці здароўе запрэт наклала?

Сяргеевіч зморшчыўся, прыплюснуў вока, крыху падумаў.

— Не-а... Ну, часам прыгублю, як сяброў франтавых стрэну... Або на свята,— схлусіў ён.

— Глядзі, Сяргеевіч, не налягай асабліва на гэтую халеру. Добрых людзей яна губіць. Ды і мы з табою не для таго ў абдымках са смерцю хадзілі, каб яна нас на той свет спяшалася ўладкаваць. А нам жыць трэба. Жыць. Жыццё сёння — казка. Не пі. Не трэба.

— Ды я, можна сказаць...— Сяргеевіч разгубіўся, заміргаў вачамі.

— Ты ж разумны чалавек, Сяргеевіч. Хочаш, я табе адну гісторыю раскажу?

— Потым як-небудзь, Мікола. Ведаю, пра што ты хочаш расказаць. Давай лепш я табе раскажу.

— Слухаю. Гавары, Сяргеевіч. Пра сябе, відаць? Разумею: цяжка... А ты набярыся мужнасці, набярыся, Сяргеевіч...

Сяргеевіч вяртаўся дадому познім вечарам. У халодным паветры лёталі спяжынкі-матылькі, садзіліся на шапку, паліто, на твар чалавека, які ішоў, не заўважаючы іх…

ДВА ЛІСТЫ ДА БРАТА

Ліст першы

Вось я і рашыўся нарэшце — як і абяцаў табе, дарагі Міхась,— адклаў усе свае справы, прыехаў у вёску, кінуў тут якар. Ведаю, ты з іроніяй усміхнешся: ці надоўга? Пакуль і сам не ведаю. Але жыву, як і дваццаць пяць год назад, у роднай Іскані, дыхаю паветрам свайго дзяцінства — і твайго ж, вядома, таксама! — на поўныя грудзі. Абжыў старую «бабіну» хатку, Аляксей Прылепаў зрабіў яшчэ ўлетку тут звычайную рускую печ, палю яе дровамі і торфам. Цёпла, утульна. I пішацца добра. Шкадую толькі, што не захапіў у горадзе лямпу-газоўку, яна б прыйшлася да месца. Тут, у вёсцы, яе і ў музеі не знойдзеш. Лямпа, дарэчы, пайшла з вёскі разам з намі, на пачатку шасцідзесятых. Хоць і марокі з ёю было — смуродзіла, а то і газа канчалася ў самы непатрэбны момант, з'ядала кнот, а нам жа ўрокі вучыць, нам жа чытаць! Цяпер нашы дзеці, відаць, і парадуюцца, калі патухне святло, а дзяжурны электрык загуляе. Хоць не... А як ім без тэлевізара? 3-пад зямлі дастануць электрыка — каб глядзець, каб «маг» слухаць. А кніжкі стаяць на паліцах... Шкада. У нас было мала іх, але ўсе зачытвалі ледзьве не да дзірак. Кніга перадавалася з хаты ў хату як вялікая каштоўнасць.