Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 49

Васіль Ткачоў

— Добры, Сцёпа, добры. Не знімай туфлі, я во ўсё прыбрацца не паспяваю: то дзеці не даюць, то на рабоце затрымаюся,— засаромелася гаспадыня, прапускаючы паперад госця.

— Не, зніму,— Астапчык прыхінуў дыпламат да сцяны, скінуў абутак.— Усё там жа робіш, га?

— Ага,— кіўнула Таццяна.

А дзе яна робіць — Астапчык забыўся, спытаў на ўсялякі выпадак, спадзявяўся, што яна, Таццяна, скажа: «У магазіне». Або: «На заводзе ў службе галоўнага механіка». Але гаспадыня сказала толькі «ага», для яе і гэтага было дастаткова.

— А дзе ж Аляксей? — асцярожна папытаў Астапчык.

— Спытай пра што-небудзь лягчэйшае,— сумна ўсміхнулася Таццяна.— Праходзь, сядай, Сцёпа. А я зараз каву зраблю.— Яна памаўчала, углядаючыся ў госця.— Пастарэў ты, Сцёпа. Пас-та-рэў. Сівы стаў. Маршчынак багата на твары.

— Гады, Танюша, гады. Дзеці растуць, мы старэем.

— Гэта праўда,— згодна кіўнула Таццяна.— А мы старэем. Што ж я? Каву згатую. Я хуцепь- ка! — I яна лёгка падалася на кухню, было чу- ваць, як грымела там посудам.

«Сапраўды, дзе ж Аляксей? — Астапчык глянуў на свой дыпламат, які сіратліва стаяў у прыхожай, бачыўся яму адным ражком. Мо, чаго добрага, развяліся? Ды не, не павінна такога быць. Таццяна прыгажуня. Характар залаты. I паспачувае, і суцешыць, калі табе блага. Было ж... Хоць і даўно, але помніцца, як не дала яна, можна сказаць, не дазволіла распасціся маёй сям'і. «Ты — мужчына!» Склеіла неяк жа — і, бач, моцна».

— Не сумуеш, Сцёпа? — пачулася з кухні.

— Нічога, нічога, Танюша. А гаспадар што — у камандзіроўцы? — папытаў Астапчык, калі Таццяна паказалася ў зале з падносам.

— Ён цяпер кожны дзень у камандзіроўцы,— прамовіла гаспадыня і асцярожна паставіла каву на стол.— Як прызначылі яго кіраўніком дзяржпрыёмкі — белага свету не бачыць. Калі ласка, кава. Частуйся, Сцёпа.

— Дзякуй,— Астапчык пацягнуўся да маленькага кубачка, абхапіў яго пальцамі, адпіў глыток.— Дзякую. Люблю каву.

— I я. Цукар вось. Кладзі на свой густ.

— Я без яго. Перабівае пах.

— Ну дык расказвай, як Света, як сын? — Таццяна села насупраць госця, таксама ўзяла кубачак з кавай.

Астапчык паціснуў плячыма.

— Жывуць, хлеб ядуць. Там робіць, дзе і раней — у турбюро.

— Малайчына,— чамусьці сказала Таццяна.— Можа, і мне калі-небудзь асмеліцца, кінуць усё ды і з'ездзіць куды? — Яна ўзняла на Астапчыка вочы.— Пуцёўкі, відаць жа, ёсць?

— Ды гэта не праблема!

— Падумаю і рашуся.

— Трэба, трэба, Танюша. Столькі дарог на зямлі, а мы прыраслі да адной — з дому на работу.

— Так, так. Сын... гэта Ігарам назвалі?

— Ігарам. Ага.

— Жаніх, відаць?

— Ну, упаўне,— усміхнуўся Астапчык, задаволена крэкнуў.— Хоць тэлефон, ведаеш ты, адключай. Падбягу, а ў трубцы пісклявы галасок: «Мне Ігарка!» Злую, але што паробіш? Каханне, так сказаць, па тэлефоне.

— Чаму?Яны цяпер і без тэлефона, Сцёпа, могуць... Паспяваюць.

— Твая праўда,— пагадзіўся Астапчык, адпіў з кубачка.

— Трэба неяк сустрэцца нам. Святлану даўно не бачыла.

— Пра што размова! — бадзёра адгукнуўся на прапанову госць.— Давайце вось, не адкладваючы надоўга, у наступную нядзелю? Ці нават у суботу?