Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 47

Васіль Ткачоў

Пасля заканчэння вучобы Астапчык і Кудан атрымалі накіраванне на адзін і той жа завод. Потым абзавяліся сем'ямі — амаль адначасова. Ну, а далей па вядомай схеме: жонка, дзеці, інжынерная кар'ера ў самым добрым сэнсе слова. Пачалі сустракацца ўсё радзей і радзей, пакуль і ўвогуле не перайшлі на ківанне пры кароткіх сустрэчах — не было нават калі паручкавацца, не кажучы ўжо каб псракінуцца словам-другім. А мо не час тут віноўны? Мо што іншае? I вось цяпер ён, Астапчык, павінен нанесці візіт Кудану. На кватэру. Ці ж ёмка? Ці зразумее Кудан? Хоць толькі зразумець — яшчэ не ўсё, патрэбна яго дапамога. Дапамога? Не, не тое слова. Пратэкцыя — га? Гэтае больш падыходзіць. Астапчык хацеў зайсці ў яго службовы кабінет, там пагаварыць, але ў тым кабінеце заўсёды таўкуцца людзі: не перакінешся і словам. У той людской плыні, дарэчы, Астапчык будзе такі, як і ўсе,— звычайны наведвальнік. А вось дома... Усё ж былі некалі сябрамі. I чаму — былі? Хто сказаў? А мо ён, Кудан, якраз і даражыць мінулай дружбай? Ну. Не спрачаліся. Не зрабілі адзін аднаму нічога кепскага. Астапчык учапіўся за нітку іхняга сяброўства, якая павінна ўсё ж нечым звязваць іх. Ці не? Быццам так.

Ён разлічыў недажытак дня так: пераапранецца, паглядзіць футбол па тэлевізары, а потым прыхопіць бутэльку каньяку — і да Кудана. Хоць не, стоп: футбол якраз і будзе зручна паглядзець з Куданам, той заядлы балельшчык. Ідэя. А пакуль Астапчык трасецца ў тралейбусе, яго ціскаюць з усіх бакоў. «Калі ўжо гэтых тралейбусаў будзе хапаць?!» Злуе. Раптам успамінае: «Калі ўжо гэтых камбайнаў будзе хапаць?!»-І стараецца не думаць пра гарадскі транспарт. Проста едзе. Не як начальнік цэха — як пасажыр, а іх тут вунь колькі, гляньце. Маўчаць. Нарэшце Астапчык выкульваецца з прыступкі на асфальт, удыхае на поўныя грудзі паветра, задаволены, што скончылася гэтая кароткая і адначасова доўгая паездка. Зноў думае пра візіт да Кудана... Зноў... А калі раптам той ска- жа, грукнуўшы па стале кулаком: «Ды каціся ты, Сцёпа, з маёй кватэры, пакуль я табе!..» Усё можа быць. Кудан за словам у запазуху не лезе, нездарма ж пасля канструктарскага бюро быў вылучаны на прафсаюзную работу — ведаў, што, дзе і як сказаць. Быў намеснікам старшыні заўкома, а цяпер вось зліліся дзве ягоныя прафесіі, інжынера і прафсаюзнага дзеяча, у адну — кіраўніка дзяржпрыёмкі, Астапчык, хоць і няпроста было яму зрабіць гэта, усё ж пагаджаўся: абскакаў, абскакаў яго Кудан, нічога не скажаш. I, вядома ж, зайздросціў. Не заўсёды і па-добраму, жыло ўсяродку такое адчуванне, быццам ён, твой аднакашнік, сядзіць сёння намнога вышэй і табе прыходзіцца задзіраць галаву, каб хоць вокам глянуць на яго. I хто ведае, кім ён стане заўтра, паслязаўтра?

Недзе і шкадаваў Астапчык, што не быў прадбачлівы — не падкладваў дроў у касцёр ояброўства, і агонь паступова патухаў, пакуль не засталіся адны вугельчыкі. Шкада. А як добра цяпер было б! Але ж хто ведаў, што такім шырокім крокам рушыць наверх Кудан?