Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 48

Васіль Ткачоў

Дома Астапчык не забавіўся. Дыпламат з прэзентам — смешна і дзіўна: прэзент Кудану! — стаяў на часопісным століку, а сам ён, бы какетлівая жанчына, круціўся перад люстэркам, усё роўна як збіраўся на спатканне: прылізваў валасы, расціраў пальцамі твар, папярэдне змачыўшы яго мядовым ласьёнам. Вунь і сівізна, думаў, быццам іней, пабяліла чорныя густыя валасы. Ранавата. Кудана зусім не бярэ старасць, быццам жалезны: не прымае, відаць, нічога да сэрца.

Астапчык намнога раней атрымаў першае службовае павышэнне — стаў старшым інжынерам, потым намеснікам начальніка цэха, другога механічнага. А Кудан нешта затрымаўся, усё перакладваў паперкі на стале, катаўся ў ліфце з імі — з аддзела ў аддзел, бы кур'ер. Аднойчы неяк спытаўся ў Астапчыка: «Ну, і як, Сцёпа, не расчараваўся? Спраўляешся?» Астапчык павёў плячом, кісла, але не губляючы прыстойнасці, хмыкнуў: «3 людзьмі, Лёха, працаваць — не з паперкамі». Размовы не атрымалася, разышліся холадна: намеснік начальніка цэха патупаў да сябе, а радавы інжынер, прыціснуўшы рукой да пінжака стосік паперы,— да ліфта. А потым прыйшоў і час Кудана: ён стаў на чале групы канструктараў, доўга там не заседзеўся — неўзабаве перабраўся ў адміністрацыйны будынак, а на дзвярах яго кабінета нехта пачапіў шыль- дачку: «Намеснік старшыні заўкома Кудан А. I.». Вось так! Цяпер і ён з людзьмі, хоць і паперак хапала — такая работа.

Вось у такім непрывабным становіпгчы апынуўся Астапчык. Быццам бы і сябры, быццам бы і не. 1ён схапіў дыпламат, выйшаў на лесвічную пляцоўку. Працокаў абцасамі па прыступках, спыніўся. «А мо ўсё ж не трэба ісці? Што будзе, як гавораць, таго не мінаваць. Ну, улепяць яшчэ адну вымову, ці ж першы раз? Я ўжо і з ліку збіўся, колькі іх у мяне... Толькі наўрад ці адробішся цяпер гэтай вымовай? Не той час. Крута ўзяліся.. Колькі начальнікаў цэхаў зляцела за апошнія месяцы, а я што — святы? Круцішся, круцішся як вавёрка ў коле, а дзе яна, тая ўдзячнасць? Ды няўжо Лёха забыўся ў рэшце рэшт на ўсё, што было паміж намі раней? Няўжо не выручыць? Не, пайду. Пайду».

I Астапчык шпарка пакрочыў па двары, размахваючы дыпламатам, зноў уціснуўся ў тралейбус, але людзей у салоне было значна менш, чым якую гадзіну назад: густа стаялі толькі каля выхаду, а ў праходзе — хоць у фут- бол гуляй.

Выбраўся з тралейбуса. Дом, у якім жыў Кудан,— побач з прыпынкам. Пазваніў. Ціха. Зноў пазваніў. За дзвярыма нарэшце пачуліся крокі, пазнаў: жончыны, нават уявіў, як яна замітусілася, як прыхарошваецца перад люстэркам. У мужа, вядома ж, свой ключ, ён не павінен званіць. Кляцнуў замок — і на парозе вырасла знаёмая постаць Таццяны, яна засвяцілася тварыкам, убачыўшы Астапчыка, крыху разгублена прамовіла:

— Ой, Сцёпа! Ты? Якім ветрам?

— Я! Я, Танюша! — бойка адказаў Астапчык, злавіў Таццяніну руку, патрос.— Пусціш?

— Праходзь, калі ласка.

— Добры вечар вам у хату! — павітаўся Астапчык, а сам крадком паглядаў у глыбішо кватэры, спадзеючыся ўбачыць Кудана.