Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 46

Васіль Ткачоў

Паабяцалі падумаць. I цяпер думаюць.

У Пумпулева дыплом механіка. Думаў, не спатрэбіцца. Памыліўся. «А чаму гэта я пра дыплом? Можа, і парвуць рапарт, возьмуць ды перавядуць у суседняе сяло? Раз сорамна табе ганяць сваіх самагоншчыкаў, скажуць, пераязджай. Могуць сказаць такое ці не? Але ж і там, у суседнім сяле, жывуць цёткі Агрыпіны, дзядзькі Мікіты...»

3 гэтымі думкамі ён заснуў.

Ранкам Пумпулеў паехаў у райцэнтр — павёз рапарт.

ВІЗІТ ДА КУДАНА

Астапчык ехаў у тралейбусе, «вісеў» на поручні. На кожным чарговым прыпынку новая хваля пасажыраў нагортвалася на тых, хто быў у салоне, перамінала ім косці, сціскала, бы прэсам: такі час — канец змены на заводзе, і з усіх цэхаў людзі спяшаліся дадому, і амаль усе цалялі на тралейбус або аўтобус. Шанцавала не ўсім — з транспартам пакуль нявыкрутна, а той, што быў на лініі, не гумавы, вядома ж.

А хто ведае, каму ўвогуле шанцавала — тым, хто ўсё ж пешшу дойдзе да дома, ці тым, хто вернецца з намуленымі бакамі і адтаптанымі нагамі, без гузікаў. Але ўсё гэта дробязі — тралейбусы, гузікі. Астапчыка непакоіла іншае: як вось сёння нанесці візіт Кудану? Як? Толькі сёння. Заўтра будзе позна... Але ж, паклаўшы руку на сэрца, няёмка ісці да Кудана. Нават — страшна. Так, так. Гэта раней яны былі паміж сябой «вась-вась», а цяпер — і на гэтую акалічпасць трэба цвяроза глядзець, не цешыць сябе ілюзіямі — паміж былымі аднакурснікамі ўтварылася адлегласць. Тады, у політэхнічным інстытуце, дзяліліся апошнім пятаком, а на ўборцы бульбы ў вёсцы нават жылі пад адным дахам — у салдацкай удавы бабкі Марусі, якая, праводзячы студэнтаў да веснічак — ад'язджалі, сваё зрабілі — сказала ім ад сэрца, шчыра: «А вы, дзеткі мае, як усё адно браты родныя. Нават тварамі падобныя. Выручайце заўсёды друг дружку — і лягчэй вам будзе жыць.. Падпорка толькі той яблыні трэба, якая плодзіць. А вы хлопцы разумныя...»

Астапчык успомніў бабку Марусю, пузаты гарлач — чамусьці чорны, але з кветкамі на бачку,— з якога ён з Куданам піў халоднае малако, па чарзе, нагбом: вярнуўшыся з поля, паталялі ім смагу. «Піце, дзеткі, піце малачко...» Яны выціралі рукавамі губы, усміхаліся, шчаслівыя, бесклапотныя... Ці багата ім тады было трэба для радасці? Гарлач малака, акраец хлеба, гітара пасля рачкавання на бульбяным полі і вечаровая цішыня, якую яны, адпачыўшы трохі, парушалі сваімі песнямі. Яны і іх кампанія. Думалася на той час Астапчыку, што з Куданам яны і сапраўды — што браты.