Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 45

Васіль Ткачоў

— Дурненькі...

— Я сказаў! Давай боршч!

Участковы Пумпулеў сядзеў у гэты самы час за сталом у сваёй хаце і складаў рапарт на імя начальніка райаддзела міліцыі. Рапарт не атрымліваўся. Быццам усё зразумела, матывы доказныя, а пачне пісаць — не тое выходзіць з-пад пяра. «Эх, Маруся, Маруся! Чаму ж ты адразу, мяне мінуючы, участковага, у райаддзел? Значыць, няма мне даверу. Значыць, што ёсць я, што няма — адзін толк,— разважаў Пумпулеў і выводзіў, нахіліўшыся над сталом, літары на разлінаванай паперы.— Пустое, выходзіць, месца я? Эх, Маруся!»

Пумпулеў адклаў ручку, успомніў расказ з адной кніжкі — выпадкова трапіла яна на вочы ў бібліятэцы. Пачаў чытаць ад няма чаго рабіць — захапіўся. Пра аднаго пенсіянера. Пайшоў той на заслужаны адпачынак, сустрэў неяк па вуліцы былую супрацоўніцу, якую павінны былі прызначыць на ягонае месца, і быў вельмі здзіўлены, што прызначэння не адбылося. Больш таго, нават стол пенсіянера вынеслі з кабінета, а пасаду скарацілі. Вось які фокус! Што запомнілася Пумпулеву: стары не паверыў спярша, памчаў на ранейшае месца працы, каб сваімі вачамі ўбачыць, ці праўда. Убачыў. Не было стала. I вось там ён упершыню, колькі і жыў, падумаў: «А навошта я жыў? Магла б краіна і без мяне абысціся». Калі жыццё шырэй браць, а не вузка: сям'я, дзеці, магазіны, курорты.

Участковы ўспомніў пра вычытанае ў кнізе, уявіў сябе на месцы старога. А што, калі і ён потым пачне дакараць сябе? Можа, пакуль не позна, падшукаць для сябе іншую работу, сказаць, набраўшыся мужнасці: «Не туды сеў, Пумпулеў. Злазь, пакуль далёка не заехаў. Яшчэ пе позна».

Нарэшце дапісаў ён рапарт, перачытаў. Карпеў над ім амаль увесь вечар, атрымалася ж коратка: «Прашу звольніць мяне з органаў унутраных спраў, паколькі памыліўся, уступаючы ў міліцыю». Адвезці яго вырашыў заўтра, не адкладваючы надоўга. Распрануўся, залез пад коўдру. Мерна цікаў на стале будзільнік. Сёння ён дома адзін — жонка з сынам гасцюе ў маці, гэта ў суседняй вёсцы, і Пумпулеў нават быў рады такому выпадку: ведаў, жонка пачне адгаворваць, і тады ён будзе вагацца — а мо і не трэба спяшацца, мо ўсё стане на сваё месца? Добра, што яе няма. Калі прыедзе Галя, будзе ўжо нейкая яснасць.

Не спалася. Перад вачыма стаяла Маруся ў райаддзеле, злая на Кольку, яна там нагаварыла, відаць, і лішняга... Успомніў лейтэнанта Сідарэнку — гэта ён прывёз Марусю, а потым яны разам хадзілі па дварах, дзе піў Колька, і ў кожным знаходзілі або брагу, або самагон. Ён, бы апраўдваючыся перад землякамі, гаварыў: «Не трэба ж, цётка... Не трэба ж, дзядзька... Забаропена. Нельга». I адчуваў, як гарэлі шчокі, лоб. «Ну які я ўчастковы?!»

Старая Агрыпіна дастала з печы трохлітровы слоік з брагай, аддала Сідарэнку, праз слёзы сказала:

— Толькі, саколік, ты мне прыедзь дровы паскіпай. Добра, саколік? Дык чакаць мне цябе?

А Гумпулеў і раней ведаў, што старая гоніць самагон. Жыве адна, нямоглая зусім, кволая. Трымае карову, парсюка. Сена трэба? Дровы трэба? За добрае слова цяпер ніхто не разгоніцца, нават сваякі, не кажучы пра чужых. Грошы таксама не бяруць — толькі гарэлкай разлічвайся, цётка, іначай сама рабі. На сесіі сельскага Савета ўчастковы падымаў пытанне наконт старых, там суцешылі: не могуць самі рабіць — няхай не трымаюць карову, няхай пустуе агарод. I ніхто яго тады не падтрымаў. Пумпулеў гарачыўся, даказваў: не па-нашаму гэта, давайце скалоцім брыгаду, няхай яна возьме на сябе клопат аб старых. Без гарэлкі. За грошы. А хто плаціць будзе? Калгас! Яны ж раней калгас на сваіх плячах з нястачы вынеслі, дык што ж — пакінуць мы павінны сёння гэтых людзей без увагі? Колькі бабулек ды дзядоў гэтых — палічыце! Дзесяць. Усяго. А нас, маладых, колькі? Адзін вясковец, успомніў Пумпулеў лічбу з газеты, пятнаццаць гараджан корміць, а ў нас жа на пятнаццаць чалавек адзін стары прыпадае. Дык што ж мы, не пракормім іх?