Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 44

Васіль Ткачоў

РАПАРТ

Маруся Падачанка раніцай паехала ў райаддзел міліцыі, а ўжо пасля абеду таго ж дня ў Курганні толькі гаворкі было пра яе, пра Кольку, Марусінага мужыка, пра суседзяў, якім пасля паездкі той добранька аукнулася.

— Дурная баба! Ну, п'е Колька, дык навошта ж іншых пад манастыр падвяла? Хто цябе за язык цягнуў, Маруся? Эх ты-ы!

— Не, не мужык Колька: правучыў бы разок, дык ведала б!..

Маруся сядзела на лаўцы пад бэзам, церабіла пальцамі ражок хусткі, хлімкала. Жанчыны, у якіх мужыкі таксама не прамінуць заглянуць у чарку, супакойвалі.

— А так ім і трэба! Не будуць паіць нашых. У магазіые няма, а яны тут як тут: выпі, саколік, выпі. Даўно б так! Спасібачкі табе, Маруся, што адважылася і пра ўсё расказала...

— Не хацела я, бабы,— апраўдвалася Маруся, бо тут сядзела бабка Агрыпіна, і яна адчувала перад ёй віну.— Само неяк... Міліцыянер калі ж... Слова за слова... Спярша пра майго пытае: колькі зарабляе, ці ўсе грошы прыносіць? Грошы, гавару, усе аддае. «За што ж п'е тады? Дзе бярэ?» Дык і гавару: то вось баба Агрыпіна пачастуе...

— Так, так,— ківала Агрыпіна.— Пачастую,..

— Ты, цётка, даруй, я ж не думала, што так будзе...

— Што ты! Што ты! Мне ж штрапу далі ўсяго дзесяць рублёў,— варухнулася на лаўцы Агрыпіпа, паправіла на галаве хустку, махнула рукой.— Бяды тае!

— То, гавару, Мікіта напоіць,— працягвала Маруся.— А ён, міліцыянер, адразу: «А за што яго, Кольку, частуюць усе?» Як, дзіўлюся, за што? Ён жа і агароды старым узарэ, і сена косіць... За чарку ён гатовы ў ляпёшку разбіцца. А вып'е, тады мяне да агранома раўнуе, б'е.

— Колька такі. Ён і мальцом задзіраўся. У клубе шыбы павыбіваў. Ці помніце, бабы?

— Э-ге, э-ге,— сказала Агрыпіна, астатнія кіўнулі.

— Гляджу,— гаварыла далей Маруся,— што ні скажу я, міліцыянер запіша. А тады устаў з-за стала, мне кажа: «Ну, Марыя Пятроўна, давязём мы вас да вёскі». Давезлі, праўда... Цётка Агрыпіна, ты не крыўдуй — я ж на Кольку, дурня свайго, жалілася, а так атрымалая, што суседзі пацярпелі,..

– Што ты, што ты, дзеўка!

На вуліцы паказаўся Колька, ішоў ён з пугай цераз плячо, насвістваў, і жанчыны, убачыўшы яго, моўчкі шмыгнулі ад Марусі. Коль- ка сеў побач з жонкай, уздыхнуў, сцебануў па зямлі пугай.

— Ну, і што? — спытаў Колька, зноў сцебануў пугай.— Маўчыш. Так. Людзі мяне баяцца. Раз! Усялякі інцярэс да цябе, як да жонкі, у мяне прапаў. Два! Еду ў горад, а табе буду на шасцярых дзяцей прысылаць аліменты. Тры!

— Едзь, едзь, Колька,— Маруся зноў захлімкала, і Колька разгубіўся: яму шкада зрабілася жонку, слёзы, што каціліся на яе шчоках, выбілі камень з-пад ног, ён крэкнуў, устаў, закінуў пугу на двор.

— Не паеду! Я сказаў! Пакуль аграном тут, не паеду...