Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 39

Васіль Ткачоў

А Колька ўсё бегае. Ну няхай, няхай пагойсае, яму пасля ўчарашняга карысна. Паслухай, я табе скажу... Пра працэнты — хочаш? У нас каб больш працэнтаў даваць. Сто дзесяць, сто дваццаць... Чуеш? А калі і ўсе сто восемдзесят, а то і дзвесце — тады маланка, газета, падзякі. А я такіх людзей крытыкаваў бы. Смяешся? Крытыкаваў бы, як піць! Ты зрабі сто, але добра. А-а, бачу, не разумееш. Працэнт да працэнта павінен ісці, каб не больш і не менш. Калі ўсе па сто — самы раз, нам больш і не трэба. Роўненька будзем ісці, быццам за рукі ўзяўшыся, і цвёрда. Кожны дзень зробім тое, што і трэба. А то адны наварочаюць дэталей, валяюцца яны пад нагамі, блытаешся толькі ў іх, як у аўсе. Помніш, у дзяцінстве? Поле... Авёс... Жыта... Ну. А ты зрабі сто працэнтаў — і беражы сілу для наступнага дня. Смак павінен быць. Тут як з жонкай, ага. Калі часта, то... Ды што я табе расказваю, не маленькі.

Колька чэша. Не, міма. Гэта ён да Макаравіча паляцеў. Ён, Колька, таксама хацеў да цябе падысці, але пабаяўся. Яго разок у газетцы пра- нячаталі, то цяпер абыходзіць стараной карэспандэнтаў. Паслухай, я табе скажу... Вось зноў камбайн возьмем. «КСК». Начаплялі на яго жалеза — танк ідзе, зямля дрыжыць. Правільна? Правільна. А цяпер распранаюць, дэталі лягчэйшыя робяць. Трэба. Прыдумаюць нешта новае канструктары, знойдуць — і за гэта ім прэміі. За вынаходніцтвы. А каму, каму прэміі? 3 іх яшчэ вылічваць трэба, з канструктараў, таму што па іх жа віне наладкі, пераналадкі, новыя лініі, штампы... А цяпер давай усё па-новаму круці. Круцяць! За новую думку грошы плоцяць, а за старую па галоўцы гладзяць. Свае ж памылкі выпраўляюць за дзяржаўны кошт. Свае. Дык якія тут, пасуньцеся, прэміі? У мяне дружок, я ўжо гаварыў, у інжынерным корпусе засеў, то парасказваў. Гэта, відаць, у нас толькі так можна. Краіна багатая, грошай не шкада. А я б, каб вышэй сядзеў, паказаў бы ім, спецыялістам, маць іх!.. Выбачайце, калі што не так. Баліць. Ага.