Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 38

Васіль Ткачоў

У цябе можа скласціся думка, што я сябе ругаю. Ну, сябе. Таксама не анёл, было... Грошы плоцяць дурныя, можна сказаць, пакруціўся ў цэху, нешта зрабіў — так ці не так, а там няхай разбіраюцца. Раней, праўда, так было. Чаму я вось за пяцёркай да цябе? Калі пазычаў яшэ я? Сам не прыпомню. А цяпер — ёк! Прыціснулі. Атрымлівай, што зарабіў. Пашыкавалі — хопіць. Я вярну, пятага аванс, як і абяцаў. I паслухай, я табе скажу... Ты вось бацькоў сваіх любіш? Паважаеш? I я. А завод — наш бацька. Ён корміць, поіць, апранае. Да пенсіі. А чаму мы яго падводзім пад манастыр? Маркай не даражым — чаму? Загадка, думаеш, брат? Не. Дзеці ў тых бацькоў, якія і магнітафоны ім, і джынсы-штроксы, і на кішэнныя расходы,— хрэновыя дзеці. Яны толькі сябе цэняць. Я вунь на суседзяў гляджу... Так і на «сельмашы». Заработак добры, кватэра — не праблема. Вось людзі, лёгка дабіўшыся ўсяго, і забываюць свайго бацьку, сябе толькі паважаюць. Я — не, я кватэру атрымаў законна: дом знеслі.

Ну, дзе там Колька? Шукае? Колька знойдзе. Паслухай, я табе скажу... у нас як сход які, ніхто патрыятычнай прамовы не выдаў, каб я пра- слязіўся... ці хоць бы зразумеў нарэшце, што трэба, Міця — мяне, дарэчы, Міця завуць, цябе я ведаю як — што трэба, Міця, узяцца, рукавы падкасаць ды працаваць, ёлкі-палкі, а не Ваньку валяць. Усе па паперках, складна агітуюць. Але без душы. У мяне такое ўражанне, што таму ча- лавеку, які заклікае з трыбуны, таксама ўсё роўна, што робіцца на заводзе. Ага! Выдаў прамову — і справа зроблена, галачка ёсць: праве- дзена мерапрыемства. А ты мне выдай прамову, каб яна ў мяне слязу выбіла! Вунь Валянціна Лявонцьева ў перадачы «Ад усёй душы»... Умее. А ты мне скажы: хлопцы, маць вашу, колькі ж можна нам брак выпускаць, калеку, давайце, родненькія мае, давайце, міленькія, разам возьмемся. Разам! Мы ж — савецкія людзі, мы ж вайну выйгралі, немца на лапаткі расклалі, а нейкага камбайна сабраць не можам, каб перад сялом сорамна не было, перад людзьмі, якія нам і малачко, і бульбачку, і мяса. Кармільцы ж яны нашы, а мы? Словам нейкім трэба нас звязаць у адзін вузел. Кожны чакае такое слова, а пакуль жывём паасобку. Вунь у космасе караблі лётаюць, сустракаюцца там... А і праўда, у галаву не вазьму: як у тым космасе карабель можа знайсці станцыю. У нас скрынка з метызамі на заводзе згубіцца, і канцоў не знойдзеш. Павязуць у адзін цэх — шукай у іншым, а іншых багата. Дык я пра што? Пра прамову... Вунь у космасе сустракаюцца, а мы? У розныя бакі едзем. Паслухай, я табе скажу... Мы ж кожны дзень ядзім па тры разы законна — так і скажы, чаго там! — і няўжо не думаем, адкуль у нас, рабочага класа, авангарда, усё на стале. А мы давайце будзем помніць! Ну дык што, родненькія мае, зробім камбайн — ды такі, каб з яго запчасткі па дарозе не сыпаліся? I, упэўнены на ўсе сто, падзейнічала б. А то лозунгаў панавешваюць, іх ужо ці чытае хоць хто, га? Як думаеш? Яны ж на адзін манер. «Таварышы сельмашаўцы! Выканаем пяцігодку за чатыры гады!» А навошта нам за чатыры? Не трэба. Нам спярша трэба добры камбайн паставіць на канвеер, а тады заклікаць. Бо чым мы іх менш паставім сялу, тым лепш. Бо навошта ён, такі камбайн? А мы спяшаемся. Куды? Куды, га? Вось калі машына будзе — як хоць бы трактар «Беларусь», тады, я разумею, і лозунг можна пачапіць, калі вы ўжо без яго пражыць не можаце.