Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 37

Васіль Ткачоў

Маўчыш. Паслухай, я табе скажу... А баяліся прызнаць адразу сваё паражэнне. Га? Як піць даць баяліся! Думаеш, я не разбіраюся ў завод- скай палітыцы, хоць і не кручуся сярод начальства, хоць радавым слесарам раблю? Ды я гэты «сельмаш» наскрозь бачу! Я ж тут нарадзіўся, вунь на Азёрнай. А трэба было набрацца смеласці, сказаць і не шугаць грошы на вецер: здаёмся, браткі, як хочаце біце нас, але ад камбайна адмаўляемся, будзем рабіць новы, калі, вядома, нам дазволіце, а стары давайце забудзем. Э-э-э! То-та ж!

Колькі там гадзін? Яшчэ ёсць час, паспеем. Колька знойдзе. Нешта не відаць яго. Бегае. Шукае. Ага, у мяне дружок у інжынерным корпусе засеў. Парасказваў. Двойчы Героя Сацыялістычнай Працы Гіталава ведаеш? Ну і я так, як і ты — па газетах, тэлевізары. Ён пісьмо прыслаў на завод, расхвальвае камбайн. Толькі мне здаецца, што не мог таварыш Гіталаў скласці тое пісьмо. Тут нешта не так. Белыя ніткі бачны. Паслухай, я табе скажу... Навошта яму, такому вядомаму чалавеку, Герою, было тое пісьмо пісаць? Што за пісьмо? Не чуў? Багата згубіў, калі не чуў, я табе прама скажу. Прачытаўшы яго, можна рукі скласці і нічога больш не выдумляць: лепшага камбайна, чым «КСК», няма! Нажыўка! I клявалі! Камісія якая — ёй пісьмо, чытайце! Сам Гіталаў хваліць! Доўга так і затыкалі рот, калі хто спрабаваў яго раскрыць, каб кепска пра камбайн выказацца. А мне здаецца, што яму камбайн падсунулі, сабраны па ўсіх правілах, ці запчасткамі завалілі за пісьмо. Аддзячылі. Хоць яго, «КСК», як ні збірай — развалюха ён і ёсць развалюха. А ты як думаеш? «Хто яго ведае». Вось-вось, хто яго ведае, той — ведае, з чым трэба есці наш хвалёны спярша было камбайн, каб зубы не паламаць.