Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 24

Васіль Ткачоў

Памаглі адбудавацца Мар'і вяскоўцы. Потым Варцы, Лёксе, Акуліне...

Стаяць і сёння гэтыя хаткі.

Сіратліва стаяць, бы ўдовы: адны дажываюць і яны свой век».

Зноў — нельга. Матывы? «У нас клапоцяцца пра ўдоў, няпраўда ўсё!» А хто сказаў, што не клапоцяцца? Клапоцяцца. Хоць і не ўсюды, будзем шчырымі, калі на тое пайшло. Сустракаюцца яны, на жаль, яшчэ з халоднымі, чэрствымі сэрцамі. Але ж не пра гэта ўвогуле апавяданне — пра хаткі. А яны стаяць. З'ездзіце, паглядзіце.

Крыміналу тут, здаецца, няма аніякага, але — нельга.

Я б і сам, каб жыў адзін, пабудаваў бы для сябе маленькую хатку. У ёй цяплей аднаму.

* * *

Завітаў да мяне сваяк. Хлопец малады, сімпатычны, разваротлівы. У горадзе ён жыве нядаўна, а такое ўражанне, быццам тут і нарадзіўся. Скончыў тэхнікум, працуе, ажаніўся. Я заўсёды радуюся, калі заходзяць знаёмыя, сябры, не кажучы ўжо пра сваякоў. Ёсць стол. Ёсць што і на стол падаць. Сядзім, гамонім. П'ём каву. Сваяк расказвае, што быў нядаўна ў вёсцы, змен асаблівых няма. Бацькі мае мацуюцца. Я чамусьці абяцаю яму, што праз дзень-другі абавязкова выберуся да іх, наведаю, дапамагу ім што-небудзь па гаспадарцы. Услых прыгадваю словы Рыгора Барадуліна: «Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем...»

— Ну, а што ў цябе новага? — пытаю ў сваяка.— Як дачка? Як жонка?

— Жывуць...— куточкамі вуснаў усміхаецца сваяк.— Светка ўжо ходзіць. А жонка? — сваяк задумваецца, моршчыць лоб.— Гэта ж я вось па такой справе завітаў...

Не здзівіў: сваякі, заўважыў даўно, толькі і ўспамінаюць пра сваяцтва, калі ім нешта трэба. Ну-ну, што далей?

— Дэкрэтны водпуск заканчваецца, не хоча на старое месца ісці.

— Чаму?

— Ну, па-першае, далекавата ад дома, а па-другое, аклад маленькі. Хацелася б чаго большага. Мо дапаможаш?

Здзіўляюся: а чым, цікава, я магу дапамагчы? Раю звярнуцца ў бюро па працаўладкаванню. Сваяк напамінае, што я працаваў у абласной газеце, часта бываю на прадпрыемствах, знаёмы з кіраўнікамі і г. д. Робіцца прыкра. Не хочацца больш падліваць каву ў кубачак. Хочацца, каб ён хутчэй пайшоў.

Балюча. Вельмі.

* * *

Хто чытаў апавяданне Васіля Бялова «Грышка Фунт», успомніў, відаць, што такія Грышкі хадзілі і па нашых беларускіх вёсках: рамантавалі каструлі, чайнікі, вёдры, вастрылі сярпы... Іх чакалі, ім былі рады. Цяпер не ходзяць. Чаму? Тут некалькі прычын. Але галоўнае — сталі жыць добра, навошта нам рамантаваць тыя вёдры, напрыклад, а сярпы зусім выйшлі з моды. З'явілася дзірачка ў чайніку — у магазіне набыты новы, а стары пайшоў на звалку. Так-так, на звалку. Гэтае слова — звалка — сёння не толькі горада датычыцца, трывала ўвайшло яно і ў гаворку вяс- коўцаў, а ранейшае — сметнік — амаль цалкам выціснула з яе.

Вясковая звалка. Прыгледзьцеся калі-небудзь, што там ляжыць. Восенню — бульбоўнік. Горы яго. Не прыгадаю, каб раней выкідвалі бульбоўнік людзі. Скарыстоўвалі ў гаспадарцы. Сушылі, давалі на корм худобе, а што ішло на подсціл. Цяпер хапае сена, саломы. Не той час. Далей глядзім, што на звалцы. Кукурузнае бадыллё. Тут жа шкілеты веласіпедаў, матацыклаў, тэлевізараў, радыёпрыёмнікаў. Гледзячы на ўсё гэта, думаецца: а ўсё ж шкада, што не ходзіць па вёсках бялоўскі Грышка Фунт. Прыязджаюць, праўда, хлопцы на аўтамашынах, рамантуюць тэлевізары, ды і тое гледзячы што ў іх зламалася. А што яшчэ? Звычайна вяскоўцу самому трэба ехаць, адвозіць у райцэнтр... ну, хоць бы той электрычны чайнік. Па ўласным вопыце ён ведае: давядзецца паездзіць, а гэта і нервы, і — што не менш важна — грошы, іншы раз патраціш на дарогу больш, чым каштуе готовы. Ды і часу шкада. Пра звычайныя чайнікі і гаварыць не трэба — дзе іх рамантаваць і як, людзі нават не ведаюць. Ведаюць адзін адрас — звалка.