Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 26

Васіль Ткачоў

I што ж? Па выніках за летні перыяд ферма, дзе звеннявы Гаўчук, заняла першае месца ў саўгасе. Упершыню, дарэчы. А колькі людзей у нас яшчэ працуе на паўсілы? Хутчэй трэба даваць ім самастойнасць, выцягваць з-за шырокіх спін іншых. Пасядзелі ў цяньку — хопіць. Пара працаваць.

* * *

Старшыня калгаса адмовіўся будаваць на цэнтральнай сядзібе сталовую. На яго як толькі не паціскалі, але ён сваё: «Не трэба яна нам!»

Я невыпадкова сустрэўся з гэтым старшыёй — параілі ў райкоме партыі «прапясочыць», мо тады хоць, калі ў газеце яго крытыкнуць за адсталы погляд на жыццё, адумаецца. Мы сядзелі ў даволі сціплым кабінеце, і старшыня, пыхкаючы папяроскай, даказваў:

— Гатуй дома боршч, Мар'я! Для чаго ў цябе псч? Для чаго газавая пліта? Агарод для чаго? Ну, адкрыем мы сталоўку. I што? Гарантую — пройдзе час, не адразу, канешне, і мы не знойдзем у вёсцы ніводнай сапраўднай гаспадыні. Перавядуцца. І дапаможа ім у гэтым мая ста- лоўка. Будуць і самі хадзіць жанчыны туды есці, і мужыкоў пасылаць. Нешта мы ўжо дужа упартна вёску пад горад падбіваем. А ці трэба? Вёска павінна заставацца вёскай. Прайдзіце па хатах, знайдзіце маслабойку. Дарэмна. Прывозяць у магазін, людзі ўжо даўно сваё не робяць. Лянуюцца. Хоць наша, сялянскае, і смачнейшае было... Ёсць зерне? То-та ж!

А цяпер, дзе мне ўзяць людзей, каб пасадзіць іх у сталоўцы? Чатыры жанчыны, як мінімум, дай. Добра, сагітуем выпускніц, пагодзяцца тыя — дазваляю такі ход, хоць і сумняваюся. І будуць сядзець яны ў цёплым месцы, а маці іх, старыя, заслужаныя людзі, няхай пад дажджом працуюць? Не, не справа гэта. Распусты даваць не трэба маладым. Я ж наперад гляджу. Уявім наступнае. Стане раптам мая вёска ў адзін рад з тымі, дзе ўжо сёння ў сталоўцы есці няма каму. Зачыняць? Зачыняць. А куды я тых дзевак падзену? Хіба ж яны пасля той цёплай работы на ферму пойдуць? Ніколі. I ў горад позна ехаць. Сям'я, дзеці... Прападуць дзеўкі.

Не, я не супраць прагрэсу. Але меру ведаць трэба. Я не здзіўлюся, калі мне паставяць задачу пусціць па вёсцы таксі. Хвядоса вазіць да Петрака, а Петрака да Хвядоса. У госці. Не пагаджуся — успомняць пра ранейшыя грахі... Ты ніяк думаеш, што я адразу нагадзіўся і КБА адкрываць? Дзе там! Націснулі, на лапаткі паклалі. А мне ж лягчэй і зручней было пасадзіць людзей у аўтобус, адвезці ў горад: абшывайцеся, землячкі, на здароў'е! Многа яны, вяскоўцы, і шыюць, гляджу. А людзей забралі... Сваіх-то ў камбінат не прыслалі з горада. Мае. 3 залатога фонду. Вунь яны, вунь бэз нюхаюць перад камбінатам... Таму навучаны. Так-то! А калі ты прагаладаўся, я накармлю: жонка ў мяне смачна гатуе. Ну дык што, паабедаем? I мне весялей будзе.

Я часта ўспамінаю таго старшыню. Чую імя яго па радыё. Сустракаю ў газетах. Хваляць.

Цікава, пабудаваў ён усё ж сталовую ці 'не?

* * *

Цётку Марфу Мікалаеўну я ведаю даўно. Жыве яна з мужам, Васілём Трафімавічам, з сынам, нявесткай і ўнукамі. Не ў Беларусі жыве цётка Марфа — у далёкай ад нас Удмурціі, пад Іжэўскам. Я часта бываю там у сваякоў і абавязкова заходжу да Глездзянёвых — такое прозвішча ў гэтай дружнай сям'і. Гасцінныя яны людзі. Мёд на стол, яблыкі, ягады і абавязкова круглы бохан хлеба. 3 печы. I колькі я ні бываў у іх, ніколі не бачыў, каб падавалі да стала хлеб з магазіна, а магазін насупраць, вокны ў вокны, і хлеб прывозяць рэгулярна. А вось Марфа Мікалаеўна аддае перавагу свайму.