Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 22

Васіль Ткачоў

Прайшлі два гады. На пустэчы выраслі домікі. Прывабныя, сучасныя — казачныя домікі. Неяк, ідучы да сына ў піянерскі лагер, звярнуў і я да сваіх знаёмых. Пасядзелі, пагаварылі. Сам таго не заўважыў, як і ў мяне разгуляўся апетыт.

— Купляй! Не пашкадуеш! I цыбуля свая, і ягада, і бульба. Зямля добрая — тапарышча вырасце.

Дачнікі — яны трохі ад рыбакоў: таксама рукі ў ход пускаюць.

— А ў каго?

— Многія прадаюць. Выбірай толькі.

— Дык навошта ж тады бралі?

Смяюцца. Але шчыра.

— Месца ж добрае. Яго адно прадаць можна. Ну, а калі яшчэ які-небудзь дамок зляпаць — праблемы няма. Ахвотнікі знойдуцца.

Пачынаю разумець. Вось, аказваецца, яшчэ як умеюць жыць людзі. Толькі не зайздрошчу я ім.

* * *

Еду ў гарадскім аўтобусе. Людзей у салоне шмат. Модна апранутыя. 3 авоськамі, папкамі, дыпламатамі. Іншыя чытаюць газеты. Вялікімі літарамі загаловак: «Перабудова — справа кожнага!»

Канцавы прыпынак. Вадзіцель праехаў крышачку далей, ветліва аб'явіў:

— Таварышы, падрыхтуйцеся да праверкі талонаў...

I што тут пачалося!

— Адчыняй заднія дзверы, гавару!

— Я на поезд спазняюся, а ты праверку тут уздумаў. Выпускай, нягоднік! Ну!

— Выдумляюць праверкі розныя, самадуры! Якое ты права маеш людзям не давяраць?

— Я нумар запомню — атрымаеш!..

Нехта заступіўся за вадзіцеля:

— Чаму вы накінуліся на чалавека? Ён жа пры выкапанні...

— Яшчэ цябе тут не хапала, разумная!

Модна апранутыя, прыгожыя з твару людзі, якімі былі яны некалькі хвілін назад, сталі нервовыя, злыя, і мне зрабілася шкада іх. А за што вадзіцеля абразілі, маладога хлопца, які толькі пачынае свой працоўны шлях? Ён жа сапраўды на рабоце. А ў тых крыкуноў і не аказалася талонаў. Яшчэ пяць-шэсць чалавек закампасціравалі іх у крытычны момант.

Пашкадаваў пятак і пасажыр, які чытаў газету з выглядам адукаванага чалавека. Пра перабудову, дарэчы, чытаў артыкул...

* * *

Іх гняздо нарэшце разварушылі. Не палкай – Законам аб барацьбе з п’янствам і алкагалізмам. Цяпер яны зрэдку прыходзяць да былога піўнога бара, прыгнечаныя, апустошаныя. Гэтыя жанчыны – нехта трапна назваў іх таптухамі, цяжка пераносяць адлучэнне ад штодзённага куфеля піва, ад шклянкі “чарніла”. Цяпер у піўным бары прадаюць квас, сокі, ліманад, мінералку. Не, гэтыя вадкасці іх не бадзёраць. А піва няма. I «чарніла» таксама. Бядуюць. Сноўдаюцца туды-сюды, не знойдуць, чым заняцца.

Жыццё прайшло міма. Патрачана здароў'е — яго не вернеш. Згублены павага і аўтарытэт у людзей — іх яшчэ цяжэй вярнуць.

* * *

Мая суседка Галіна Архіпаўна Чупрына працуе ў магазіне радавым прадаўцом. Там у іх брыгадны падрад, і жанчыне часта даводзіцца сядзець на касе. Прыходзіць з працы заўсёды стомленая, гадоў ёй і так багата, а тут яшчэ людзі давядуць — кожны хоча, каб яму дагадзілі, але не кожны лічыць сваім абавязкам — чалавечым — дагадзіць і работніку прылаўка. Яна — адна перад многімі. Жывы чалавек, не манекен. За дзень чаго ні наслухаецца пра сябе. Больш — абразлівага. Дзіўлюся муж- насці суседкі, раю кінуць усё ды пайсці на адпачынак — пенсія ж ёсць. Галіна Архіпаўна не пагаджаецца: