Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 25

Васіль Ткачоў

Вось так.

Ад звалкі, відаць, вёска нікуды не падзенецца. Але тут насцярожвае іншае: калі ў гарадах, у пасёлках гарадскога тыпу месца для звалак звычайна вызначаюць адпаведныя арганізацыі, то ў вёсках самі Іваны ды Мар'і. Дзе зручней ім, там і звальваюць усё ў кучу. I вырастаюць горы смецця. I ў самім населеным пункце, і за ім.

Я сустракаў многа вёсак, дзе звалак не менш, чым хат. Складваецца ўражанне, што ні мясцовыя Саветы народных дэпутатаў, ні кіраўнікі гаспадарак яшчэ не могуць паверыць у імклівае наступленне звалак на вёскі.

Веру: апамятаемся, спахопімся. У нас так часта бывае. Не прывыкаць. Але спярша трэба сапсаваць, а потым аднавіць. Прыгажосць хоць бы.

* * *

Працаваў чалавек механізатарам. У аддзяленні Першая Слабодка саўгаса «Капаткевічы» Петрыкаўскага раёна. Ранкам акуратна ішоў на работу, позна вечарам вяртаўся. На сходах яго не разбіралі, бо не было асабліва за што. Не хвалілі — таксама не было за што. Серадняк. А тут механізатары пачалі ствараць падрадныя брыгады, і той чалавек аказаўся лішні: адвярнуліся ад яго аднавяскоўцы. «Нам не трэба Гаўчука! Абыдземся!»

Васіль Лазаравіч пакрыўдзіўся на сяброў- таварышаў, нават скардзіцца пачаў у розныя арганізацыі і ўстановы, што тыя людзі, з якімі працаваў разам, з якімі пуд солі з'еў, так жорстка з ім абышліся. Але чым могуць выручыць у тых арганізацыях і ўстановах, калі не адзін нейкі там адміністратар супраць, а ўвесь калектыў? Змірыўся Васіль Лазаравіч? Не. Ён нанёс, вобразна кажучы, контрудар. I вось які. Але спярша, чаму не ўзялі Гаўчука ў брыгаду? Хаваўся ён часцяком за спіны іншых, хітраваў, стараўся захапіць работу, дзе лягчэй. Паступова страціў аўтарытэт. Раней прычапіцца да яго было амаль немагчыма, бо ён не з'яўляўся на работу ў нецвярозым стане, ведаў, дзе сказаць слова, а дзе і вады ў рот набраць. А калі пачалі механізатары пераходзіць на брыгадны падрад, палічылі, што Васіль Лазаравіч зноў пачне хавацца за спіны іншых. А заробак, як вядома, дзяліць трэба на ўсіх пароўну. I не прагаласавалі за Гаўчука.

Цяпер пра контрудар. Васіль Лазаравіч дамогся, каб яму далі магчымасць даказаць сваім былым таварышам, што і ён нешта можа. Неў- забаве ён сам узначаліў звяно па догляду за пашай і забеспячэнню кароў кармамі. Цяпер Гаўчуку не было як хавацца за спіны іншых, бо ў тым звяне — ён сам сабе гаспадар. Сам падкошваў траву, рэгулярна падвозіў на трактары, сачыў, каб добра кармілі жывёлу.