Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 20

Васіль Ткачоў

* * *

У Жлобіне пабудавалі Беларускі металургічны завод, сыравінай для якога павінен служыць металалом. Ну, цяпер, думаў, не знойдзеш у нас пакурожаных кабінак грузавікоў і трактараў, рам, колаў, а то, куды ні прыедзь, усюды гэты металічны друз псуе выгляд машынна-трактарнага двара, вёскі ды і напамінае, якія там жывуць гаспадары.

Завод працуе. Чатыры гады, здаецца. А ў многіх гаспадарках вобласці як ляжаў металалом пяць, дзесяць гадоў назад, так і ляжыць.

Не ў заводзе, аказваецца, справа,— у людзях.

* * *

Малочна-таварная ферма. У мяне тут літаратурнае выступленне. Чакаем у цесным пакойчыку адпачынку, калі збяруцца жанчыны. Прыходзяць, садзяцца. Старшыня калгаса дастаў з кішэні невялічкі карабок, паклаў на стол, сабраўся, як мне падалося, з думкамі, крэкнуў, пастараўся ўсміхнуцца, ціха сказаў:

— Жанчыны, сёння ў нас імянінніца. Хто бы вы думалі? Не здагадваецеся?

Па тварах жанчын прабегла ажыўленне, яны пераглянуліся, паціснулі плячыма.

— Вера Сяргееўна...

Усе глядзелі на бабульку, хударлявую, маленькага расточку, з густымі маршчынкамі на твары: яна забілася ў куток, здзіўлена паглядала то на старшыню, то на сябровак — таксама, відаць, не разумела, якая яна імянінніца. Толькі ж вунь, праўда, карабок на стале... Медаль хіба старшыня прывёз? Хадзілі чуткі. Ён, значыць...

Пад воплескі старшыня прышпіліў Веры Сяргееўне медаль да жакеціка, паціснуў руку.

— Малайчына ты, Вера Сяргееўна,— сказаў старшыня.— Малайчына. 3 вайны, як і помню, працуеш на ферме. Тваім рукам, дарагая наша, цаны няма. Маладзейшыя не помняць, як працавалася тады на ферме. Цяпер што — апарат падключыў... Ведаеце самі, як цяпер... Ну што ж, дазволь цябе яшчэ раз павіншаваць з медалём «Ветэран працы», Вера Сяргееўна...

Бабулька ж, на маё здзіўленпе, захлімкала, сарамліва выціраючы даланёю твар. Старшыня адчуў сябе крыху ніякавата, пераглянуўся з даяркамі: што гэта з нашым ветэранам?

А Вера Сяргееўна дрыготкімі вуснамі шаптала:

— Гэта ж, старшынёк, кароўка мая захварэла... ага... Лыска... Другі дзень даіцца не дае... з малаком ходзіць... Ага...

Медаль і слёзы. I які ўрок маладым!

* * *

Першым рэйсам аўтобус адпраўляецца ў маю вёску заўсёды крыху са спазненнем. Пакуль вадзіцель уладкуе ў дыспетчарскай свае папяровыя справы, пакуль праверыць у пасажыраў білеты, павагаецца, браць ці не браць тых, у каго іх няма,— глядзіш, і былі б ужо дзе-пебудзь за горадам...

Аднак людзі прыходзяць на вакзал усё роўна к прызначанаму часу, а то і раней: мала вераць таму «запасу», стараюцца ўсе — хто на таксі, а хто і пехам дабрацца, бо гарадскі транспарт толькі праз паўгадзіны будзе на лініі.

Многіх пасажыраў я ўжо добра запомніў у твар. Яны амаль кожным выхадным днём спяшаюцца ў вёску, да бацькоў, каб дапамагчы тым за дзень-другі ўправіцца па гаспадарцы, зрабіць нейкую наспеўшую справу. А спраў хапае заўсёды, толькі паспявай прыкладваць рукі.

Вядома ж, прыкмеціў ужо, хто з чым напосіць візіты на бацькоўскае селішча. Адны цягнуць пузатыя баулы, як правіла,— хлопцы. Той-сёй трымае рукі ў кішэнях. А ў жанчын — было б сорак рук, і іх не хапіла б.