Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 21

Васіль Ткачоў

Але з усіх, хто ад'язджаў са мной у аўтобусе, відаць, надоўга, калі не на ўсё жыццё, заномніцца маладая дзяўчына. Апранута яна заўсёды проста: так апранаецца большасць яе равесніц. Прывабная з твару, рослая, валасы льняной касой збягалі з-пад шапкі-вязанкі на лёгкае дэмісезоннае паліто.

Толькі не прывабнасцю запомнілася дзяўчына. Кожны раз яна заходзіла ў аўтобус з цяжкаватай сумкай і з адной і той жа блакітнай сеткай, у якой мясціўся даволі ладны мяшэчак. Калі яна прабіралася да свайго месца, то знячэўку чаплялася за сядзенні і людзей, і было чуваць тады, як у тым мяшэчку нешта цёрлася, крышылася.

Апошнім разам нашы месцы аказаліся побач, і ўжо ў дарозе я ўсё ж нясмела націкавіўся:

— Прабачце. Калі не сакрэт... Што гэта вы возіце ў адным і тым жа мяшэчку?

— Які сакрэт...— ажывілася дзяўчына, бліснула ў паўзмроку вачыма.— Хлеб важу. Чэрствы... За тыдзень, а калі і за два ў інтэрнаце назбіраецца — не выкідваць жа! Дзяўчаткі з іншых пакояў, праўда, кавалкі ды скарынкі ў вядро са смеццем звальваюць, а я — на газетку... Бывае, што не даясі, не заўсёды ж разлічыш, колькі яго купіць: які калі настрой, такі і апетыт... А ў вёсцы маці жыўнасць трымае...

Мяшэчак той з хлебам стаяў побач са мной, і я падціснуў яго бліжэй да сябе, каб дзяўчыне было зручней сядзець.

* * *

Якраз на мяжы Гомельскай вобласці з Магілёўскай (у раёне пасёлка Ільіч Рагачоўскага раёна) бяжыць пад мост шашы Адэса — Ленінград невялікая рэчка. Мне яна знаёма з дзяцінства. Іншым яе назву падказвае шыльдачка: Гутлянка. Праімчалі аўтамашыны, перад вачыма прасціраюцца новыя далягляды роднай зямлі, а рака таксама не стаіць на месцы, коціць свае срабрыстыя воды далей — у сівы Дняпро.

Помню, мой дзед Якаў расказваў, што яшчэ ў час ягонага дзяцінства рака была вельмі паўнаводнай і шчодра адорвала людзей рыбай. Шмат вадзілася і ракаў. Пазней рака значна памялела: неўпрыкмет падкралася да яе старасць.

Гадоў колькі назад «выратаваць» раку паспрабавалі меліяратары. Толькі іх задума не спадабалася жанчынам з вёскі Гута, і яны настойліва пачалі даказваць, што не трэба выпрамляць раку — няхай жыве, як жыла, няхай лашчыць свае берагі, прыродай утвораныя. Меліяратары сваё: у нас заданне. Жанчыны: «Не дадзім псаваць раку! Бачылі ў суседзяў вашу работу!» Меліяратары здаліся, і там, дзе апаясвае Гутлянка вёску, яна засталася такой, якой і была.

Гутлянка жыве, хаця і яшчэ памялела: высушылі побач узбалоткі, вытралявалі кусты ды і зрабілі ўсё ж меліяратары вышэй і ніжэй вёскі з ракі раўчукі-ніткі. Але як радуюцца людзі і малому: на яе берагах — усцяж вёскі — хіляцца да вады ніцыя кусты вербалозу. Сустрэнеш тут і аматара рыбнай лоўлі з вудай. Клюе! Жанчыны ж часта спяшаюцца да вялікага валуна, які, здаецца, расце з пясчанага дна ракі, ставяць на яго посуд з бялізнай і, перш чым паласкаць ручнікі, абавязкова падзівяцца на люстэрка вады...

* * *

У адным добра мне знаёмым калектыве дзялілі ўчасткі ў садова-агародным кааператыве. Камплектавалася яшчэ адна грамада дачнікаў. Прыемна было бачыць, як радаваліся людзі. I было ад чаго. Участкі — побач з горадам, можна пешшу зайсці за паўгадзіны. Блізка Сож, луг, лес.