Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 2

Васіль Ткачоў

– Далёка яшчэ, таварыш лейтэнант, да Хутара?

– Ды не,– ажывіўся ўчастковы. –Тут блізка. Дык да нас, значыць?

– Так.

– А з якімі мэтамі?

– Працаваць. Настаўнічаць.

Участковы падаў руку, патрос далонь Шэпелеву:

– Будзем знаёмы: участковы.

І назваў прозвішча, імя сваё і па-бацьку. Тым жа самым адказаў і настаўнік. Таму дарога да Хутара падалася не такой дрогкай. Участковы распавёў пра сябе, малады настаўнік—таксама. Першаму ў два разы больш гадоў, чым Шэпелеву. Мясцовы. Хваліўся, што людзі яго паважаюць, таму што баяцца. Жанаты. Мае двух сыноў. Абяцаў пазнаёміць з жонкай, яна ў яго працуе ў мясцовым клубе загадчыцай.

– А як ажэнішся, то пазнаёміш са сваёй жонкай і ты мяне,– папярэдзіў участковы і ікнуў: праўду гамоніць, не інакш.

Шэпелеў на гэта нічога не адказаў. Аднак участковы не пакрыўдзіўся -- і так багата чаго пра яго ўжо ведаў. Скончыў толькі што ВНУ, адзіны сын у бацькоў, вясковых настаўнікаў. Калі сабраўся паступаць у педінстытут, то маці, скрыжаўшы рукі на грудзях, не ўхваліла – наадварот, была супраць: «Лепш, сынок, ідзі на трактарыста...» Сын тады не мог аніяк зразумець маці –ганарылася б, што сабраўся працягваць яе справу, а яна? Ён не паслухаўся, паступіў на філалагічны. І вось цяпер едзе ў вёску з цікавай і загадкавай назвай Хутар. Быццам здагадаўшыся, што да вёскі малады настаўнік ставіцца насцярожана, участковы патлумачыў:

– Не думай, дружа, што калі Хутар – то гэта хутар і ёсць на самай справе. Не хаваю, не: раней і сапраўды тут было ўсяго тры двары. Але тое раней – мала хто і помніць. Сёння ж наша вёска вялікая, ды і школа ж сярэдняя. А гэта пра многае гаворыць. Ці не так?

Пэўна, так.

А вунь і вёска паказалася на пагорку. На сонцы ярка блішчэў купал царквы. Участковы, і гэта добра бачыў настаўнік, усміхнуўся куточкамі вуснаў:

– Прыехалі, чаго не ўбачылі!

А траха памаўчаўшы, папытаў:

– Дык куды ты, вучыцель? Мо да мяне? Замацуем нашу сустрэчу, так бы мовіць, а? Табе ж усё роўна трэба некуды ісці, бо ў нашым Хутары пакуль ты чалавек чужы. Набываць аўтарытэт будзеш, каб сваім стаць. Падсоблю, калі слухацца станеш.

– Я не супраць.

– Дамовіліся.

Аднак планы ўчастковага разбурыў дырэктар Саксонаў, які страчаў аўтобус на прыпынку. Участковы гэта адразу зразумеў, і, набліжаючыся на таго, не хаваў радасці:

– Гэта я табе, Паўлавіч, прывёз настаўніка. Паглядзі, які мацак. Да таго месца, адкуль ногі пачынаюцца, жардзінай не дастанеш. Прымай, Паўлавіч! Сустракай!

Саксонаў падаў Шэпелеву руку, яны паціснулі адзін аднаму далоні.

– Чакаю, чакаю,– на твары дырэктара пазначылася шырокая ўсмешка.–Не помню ўжо, колькі гадоў. Але – багата. Так што – прашу да мяне. І вы таксама, Ягоравіч.

– Да цябе дык да цябе,– сумеўся спярша участковы, але ход падзей яго, падалося, задаволіў цалкам.– Каб і не запрасіў, Паўлавіч, скажу табе шчыра, то я ўсё роўна пацёгся б да Суклеты ці, дакладней сказаць, да цябе. Пасля гораду мне карціць заўсёды пасядзець сярод разумных людзей. Так што ганарыцеся і бойцеся. Я ваш раб на сёння. Дык што, патупалі?