Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 260

Васіль Ткачоў

Бабулькі, як адна, пахіталі ўслед Хмукіну сівенькімі галовамі: ці абрадуюцца ж гэтаму торту дома?

АДПОМСЦІЎ

Лявон даўно меў зуб на Пятра – з таго часу, калі апошні абяцаў вярнуць доўг, аднак і сёння аддае грошы. «Дык... гэта... жонка апярэдзіла... не паспеў замыліць... ета самае...» Калі ж пазычаў, то кляўся, што аддасць з першай палучкі. А ўжо, мусіць, пятая была. Шчыра прызнацца, дык Лявон зусім страціў надзею атрымаць свае законныя пятнаццаць тысяч рублёў. «Што з п’янтоса возьмеш? Каб жа хоць ён мне аднаму быў павінен».

Аднаго разу Лявону падвярнулася думка адпомсціць Пятру. Пазней ён ужо ведаў, як зрабіць гэта. «Пятро клюне».

Сустрэліся яны каля калодзежа.

– Ну, як пажываеш, сусед? – быццам бы незнарок, пацікавіўся Лявон.

– Якое тут жыццё-ё! – махнуў рукой Пятро. – Ні выпіць, ні... Так, адны мучэнні. А тут жонка скубе: зарплату затрымліваюць у калгасе, а ёй каб кожны дзень грошы прыносіў

– Сапраўды, дрэнь дзялы, – паспачуваў Лявон з прыхаванай іроніяй. – А людзі ж неяк во круцяцца. На легкавушках ездзяць. Катэджы пад аблокі фугуюць.

– То ж людзі... – яшчэ больш роспачна ўздыхнуў Пятро, выліваючы ваду з цэбра ў вядзерца. – Умеюць жа неяк.

– Умеюць. Гэта ты праўду кажаш. Учора быў у Гомелі, дык на вакзале ходзяць патлатыя хлопцы, ледзь не пад самы нос сунуць кардонкі, на якіх напісана: «Куплю чорныя грузды».

Пятро, пачуўшы такую навіну, ледзь не выпусціў з рук вядзерца, а перад вачмі замітусіліся чорныя грузды, якіх кожны год процьма ў лесе:

– Што – праўда?!

– Што вычытаў, пра тое і гутару, – спакойна трымаўся Лявон – Я яшчэ перапытаў, бо не кожны раз веру напісанаму. Мо, думаю, лісічкі. Не,кажа, і грузды. Лісічак няма – усе павыдралі. Капіталісты, бач ты іх, нешта і ў груздах знайшлі. А мы топчам. Бяром, кажа, прывозь, дзед, хоць пяць тон купім. Адразу разлік.

– І па колькі ж за кіло? – не цярпелася Пятру.

– Таксама пацікавіўся, а як жа. Па пяць тысяч.

– Ё маё! Дык гэта ж жывыя грошы! – разявіў рот Пятро, пашкроб кручкаватым пальцам за вухам.

– А я пра што? Жывыя. Ды і груздоў жа – хоць касу закладывай. Думаю вось пару кашоў адвезці. Для пачатку.

– Калі?

– Бульбу дакапаю – і махну.

– А я і заўтра магу, – Пятро ажно ўспацеў ад пачутай навіны. – Усю дакапаў. Заўтра і махну. Хоць даўгі аддам. А то, сусед, сорамна... не ты верыш, сорамна бывае, калі вось сустрэну чалавека, у якога пазычаў. А мая... ага... усю палучку замыліць, а на мае даўгі – дулю: калі пазычаў, чым думаў, ёлупень? Паглядзім, хто ёлупень, Маруся. Паглядзім. Я пабег. Во аднясу ваду – і ў лес. Няма калі балаболіць.

... З Гомеля Пятро вярнуўся злосны, але без груздоў – недзе, відаць, пазбавіўся ад іх у горадзе, а мо высыпаў з акна дызеля. Ён адразу ж стрэліў кароткім і абуральным позіркам на Лявонавы вокны, шпурнуў на падворак парожнюю брызентавую сумку, а сам, сатрасаючы паветра кулакамі, пакіраваў да Лявона. Лявон жа на ўсялякі выпадак загадзя падпёр вароты, таму спакойна назіраў за раз’юшаным суседам-даўжніком і ўволю смяяўся. Настрой быў у яго такі, усё роўна як Пятро вярнуў яму доўг.