Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 258

Васіль Ткачоў

Потым пахваліцца лялькам, што і як у яе на рабоце. І пакладзе іх спаць. Адразу пасля «Калыханкі». Ціха, пяшчотна скажа:

– Спакойнай ночы, родненькія! Я таксама спаць буду. Заўтра мне ўставаць рана. Хто першы засне, таму чараўнік багата цукерак прынясе. Спіце, спіце... Баю-баю... Спіце... Вы малайцы ў мяне... Вы самыя лепшыя...

І асцярожна пакладзе каля кожнай лялькі па старой, цвёрдай, як каменчык, цукерцы.

МУХА

Калі раней я заходзіў у драмтэатр праз службовы ход, то ў катушку, якраз насупраць дзяжурнага, вастрыў на мяне вушы сабака бурай масці, насцярожана падкрадаўся да няпрошанага госця, шчэрыў зубы. Выручаў дзяжурны, падаваў голас:

– Муха, свае! Нельга!

Муха не адразу верыла, што ўваходзяць свае. Таму абнюхівала: не наш, хлусіш, тэатрам ад гэтага дзяцькі нават і не пахне. Але слухалася гаспадара, ішла ў куток і ўжо адтуль насцярожана сачыла за кожным маім рухам.

Пазней у мяне з тэатрам завязалася творчая праца, пачаліся рэпетыцыі маёй п’есы, і я усё часцей сустракаўся з Мухай. Нават, калі нарадзіліся ў яе шчанкі, яна не гырчэла ў мой бок, але да канца, адчуваў, усё роўна не прызнавала

Іншы раз мы забываем, што і сабакі жывуць не вечна. Зусім нядаўна я зноў завітаў у тэатр. Ледзьве пераступіўшы парог, глянуў у куток, дзе спадзяваўся ўбачыць Муху, аднак яе там не было. Не было і шчанюкоў.

– А дзе ж Муха?

– Памёрла, – ціха сказаў дзяжурны. – А шчанюкоў разабралі.

Можа, пра Муху і ўспамінаць няварта было б, але была ў яе адна асаблівасць, якая заслугоўвае ўвагі. Муха прапускала ў тэатр і выпускала назад толькі людзей тэатра – няхай яны прыехалі з Бранска альбо Жытоміра. Для іх быў уваход заўсёды свабодны. Пропуск не патрабаваўся. Усе астатнія выклікалі ў яе звычайнае сабачае падазрэнне і недавер. Як і чаму яна дзяліла людзей на тэатральных і не – Муха ведала, і толькі яна адна.

Пасля таго, як мая п’еса была пастаўлена на сцэне, Муха і зусім, здавалася, не глядзела ў мой бок. Яна, відаць, па крохах вызначала: наш.

СЯМЕЙНЫ ЭЦЮД

Таццяна паклікала Сяргея абедаць. Муж адклаў газету, якую чытаў у зале на канапе, і пашоргаў на кухню, дзе на стале дыміўся боршч.

– Пах які! – заплюшчыў ад задавальнення вочы Сяргей. – Смакоцце, відаць!

Ён узяў лыжку, паглядзеў на жонку, якая з дакорам ківала яму:

– Ты чаго? Сядай, еш!

Нарэшце Таццяна, глыбока ўздыхнуўшы, сказала:

– Зноў ты без майкі, сарочкі! Ты мяне паважаеш?

– Ды кінь ты! Канешне, паважаю. Цёпла ж!

– Прабач, але ты не сочыш за сабой. Не здзіўлюся, калі і пры гасцях ты сядзеш за стол з голым торсам.

– Не звяртай увагі. А боршч, між, іншым, калее.

Таццяна нічога не сказала, моўчкі пайшла з кухні.

– Ты што, можа пакрыўдзілася? – падняў галаву Сяргей на дзверы, у якіх мільганула постаць жонкі, паціснуў плячыма. – Дзівачка! Было б з чаго.

Сяргей сёрбаў варыва, не адрываючыся ад талеркі. Калі падняў, нарэшце, вочы, убачыў жонку, якая сядзела насупраць... і таксама голая да пояса. Ён папярхнуўся.

– І ты... таксама?

– І я. Чаму табе можна, а мне не?

Больш Сяргей у такім выглядзе за стол не сядаў. І Таццяна., вядома ж.