Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 18

Васіль Ткачоў

Была і яшчэ адна мэта ў паэта і навукоўца – набыць у Гомелі мінеральных угнаенняў. Хоць кіло з дзесяць. На дачныя соткі сыпануць трэба, а то ж каравяк дорага каштуе і купіць сёння з ягонымі грашыма не па кішэні. Перад самой мытняй Васіль Будзёнаўскі папытаў у таго хлапца ў кепцы і з прарэхай у роце:

– Кажуць, там ёсць угнаенні. Комплексныя. На базары ў пакетах. Не сустракаў, часова?

Адказ быў няпэўны:

– Бачыў, везлі. А дзе бралі... мабыць жа, там.

Хлапец у кепцы і з прарэхай у роце раптам затрымаў позірк на твары Васіля Будзёнаўскага, сабраў на пераноссі ў пучок маршчыны, і нясмела, але гучна папытаў:

– Пачакайце, вы не паэт?

– Паэт.

– А я вас адразу успоміў, толькі сумняваўся... Можна ж было і памыліцца. Дай, думаю, лепш прыгледжуся. І не памыліўся! Вы да нас прыходзілі ў інтэрнат... вершыкі чыталі.

– Раней багата хадзілі. І ў інтэрнаты, і ў школы, і у ПТВ, у вёскі ездзілі. Было!

– А цяпер чаму ж?

– Каму мы там трэба? Цяпер у нас заахвочваецца той, хто размаўляе не на роднай мове, а на якой-небудзь замежнай – пераважна, на англійскай... Во тых сёння прывячаюць хлебам-соллю. І парсючка засмаляць.

Да хлапца ў кепцы і з прарэхай у роце не дайшло пра замежныя мовы, ён , разважаючы пра нешта сваё, яшчэ раз паказаў суседу па салоне ў аўтобусе шчыліну ў роце, і на пэўны час замоўк. Каб не маўчаць, Васіль Будзёнаўскі кіўнуў на пакет, што мясціўся каля ягоных ног, і пацікавіўся:

– Дык што, і праўда, з гэтага жывеш?

Той адказаў амаль адразу:

– Шурой празвалі. Ведаеце такога спевака?

– Не,– пакруціў галавой Васіль Будзёнаўскі.– Не чуў.

– Бяззубы.

– А-а!

– То і ў мяне ж зуба няма. Ды спераду. Як і ў яго. А дзе на зуб грошы возьмеш? Добра, каб хоць адзін... А то ж поўны рот гнілых.. Тых не бачна... Во і цягаюся з гэтымі пляшкамі, каб грошай сабраць... Калі служыць на Новую Зямлю пасылалі, то былі ўсе зубы... Не пойдзеш жа ў ваенкамат. Каб стрэбаваць. Там пашлюць. Яшчэ і ў спіну плюнуць.

– А ты схадзі, схадзі,– параіў Васіль Будзёнаўскі.

– Жартуеце?– зноў паказаў яму бяззубы рот хлапец.

– А відаць, і так...

– Засмяюць.

– Могуць. І праўда—могуць.

Стоп: мытня. Пасажыры аўтобуса суцішыліся, і неўзабаве прапаршчык- пагранічнік, паказаўшыся спераду, загадаў падрыхтаваць пашпарты для праверкі. Калі ласка. Працэдура знаёмая. Ён моўчкі разглядваў пашпарты, вяртаў іх уладальнікам, а загаварыў толькі, калі ў ягоных руках аказаўся пашпарт, які падаў яму Васіль Будзёнаўскі. Пагранічнік зверыў картку па пашпарце, зноў паглядзеў на яго, загадаў: