Читать «Варона» онлайн - страница 51

Васіль Ткачоў

– Рана ты песню зацягнуў, дзед Грышка, – спыніў яго Хвядос. – Выпіць трэба па чарцы, паабедаць. А ты адразу... Усяму свой час.

– Каму рана, каму – не, – не пагадзіўся запявала. – Тут лавіць момант трэба. Як і дзяўчыну. Упусціш – іншыя ўхопяць. А табе – пшык застанецца.

А неўзабаве ўсе толькі і гаманілі, хвалілі дзядзьку Хвядоса, што ён і старшыня добры, і мяне даглядае, як роднага сына, толькі вось адзін у яго недахоп – не глядзіць у бок жанчын, хоць ты яго забі. Дзядзька Хвядос аднекваўся, калі яму даводзілі з усіх бакоў пра няўвагу да жанчын, казаў, што не час цяпер імі займацца, а дзед Грышка нагадаў, што яго сын Пецька не абы-дзе, а на фронце гэтым самым займаўся: адной рукой немцаў калашмаціў, а з другой не выпускаў сваю нявесту Зінку. А тут яму, бачце, некалі. Гультай нібыта дзядзька Хвядос, і не кажыце больш нічога пра яго. Абібок. Дзед Грышка хацеў усё гэта сказаць больш шырокаму колу, падымаў і руку, і прасіў слова, аднак яго, акрамя нас з Петрыкам ды Мікіты, больш ніхто і не пачуў. Тады ён роспачна зрабіў наступнае заключэнне:

– У нас пасля першай, цікава-інцярэсна, няма каму гаварыць, а пасля трэцяй няма каму слухаць.

Мікіта пахваліў яго за філасофію і сказаў, што калі б ён, дзед, вучыўся, то далёка б пайшоў. Я ўявіў, як ён некуды пайшоў бы, і нідзе, як у нашай Сасноўцы, больш дзеда Грышку не бачыў. Трэба ён таму гораду. Там, відаць, сваіх разумнікаў хапае. Ды і як без гэтага дзеда нам, скажыце? Не соладка было б. Сумна. А так, хоць войкае і ахае раз-пораз, чмыхае і чыхае, а свой дзед Грышка, свой, наш!

Не адразу агледзеліся людзі, што на наваселлі няма Кастуся з Раісай.

– Ёй піць нельга,– таямніча, загадкава сказала Варка і зрабіла такі твар, што не кожны і прачытае на ім тое, што яна хацела сказаць. Старэйшыя, праўда, здагадаліся, а мы дык і не думалі асабліва здагадвацца, вельмі нам карціць! Ну, няма і няма. Трэба ён тут, той Кастусь! Ух! Так і ўцёрся ў нашу Сасноўку, ахмурыў Раюху, а мяне з Петрыкам дык і зусім за людзей не лічыць: то за нос ухопіць, то за вуха шкуматне... Можна падумаць, што сам такі ўжо герой. Метр шэсцьдзясят з кепкай. Гэта калі кепку падкінеш угору. Форсу больш, чым трэба. Задавака.

– Быць не можа, каб танкіст не прыбег, – сказаў дзед Грышка. –Тады ў лесе нешта загіне. Ён жа, анціхрыст, усюды паспявае. Быць не можа!..

Мікіта яго паправіў:

– Усюды, гэта факт, не сакрэт. Але – не за стол. Заўваж, Грышка: не за стол.

– Тут ты праўду гамоніш, – пагадзіўся стары. – Ісцінную. Не налягае на градус. Пашанцавала дзеўцы.

Бачце вы яго, дзеда! «Пашанцавала». А раней што спяваў, салавей ты наш? Быў жа на нашым баку, за Хвядоса і Сцяпана ў грудзі ляпаў, а цяпер што – за танкіста? Так, атрымліваецца? Лёгка, аднак. Гоп – і там! Вось з такімі і задумай зрабіць што-небудзь сур’ёзнае. Тут жа здрадзяць. І вокам не міргнуць.

– Хай Раюху каравуліць, – дзед Грышка паскроб пальцам за вухам. – Дзела такое, не кожны дзень бывае. Х-хе! Яно каравуль не каравуль, але і прашляпіць можна. Як я. Прашляпіў, калі Пецька мой паявіўся. Адвярнуўся кудысь, падыходжу да хаты, а ён, гарлапан, крычыць ужо на ўсю аселіцу. Гарластым і вырас. Ды ты, Мікіта ж, памяркуй: на фронце бабу сабе знайшоў, ну, ці не ў мяне! Лагойка, адным словам. Людзі! Пачакайце! А калі гэта Кастусь з Раісай у сельсавет збегалі, а? Як гэта я ўпусціў такі важны момант?