Читать «Варона» онлайн - страница 43

Васіль Ткачоў

– Падумаеш!.. – дзяўчынка так паглядзела на мяне, што я ажно разгубіўся і таму адвярнуўся, а яна яшчэ раз сказала гэтае самае «Падумаеш!», фыркнула, павяла плечуком, рашуча павярнулася і, пад-скокваючы то на адной назе, то на другой, пашыбавала ў вёску, а вянок круціла на пальцы, бы шапку са сланечніка.

Хм! Вось табе і вяночніца. Я доўга глядзеў услед Надзейцы, на пэўны час забыўся пра лазу, а тады ўскінуў вязанку на плечы і патупаў да дзеда Грышкі. І хоць стараўся не думаць больш пра яе, Надзейку, – а я б ёй лусту хлеба і не пашкадаваў, – а яно само думалася і думалася, ажно пакуль не прытупаў на падворак старога. Той сустрэў мяне пытаннем:

– Каму?

– Калі трэба, і табе прынясу...

– Прынясі, прынясі, хлопча, – ухапіўся дзед за маю прапанову, і я абрадаваўся, што дагадзіў яму. – А гэта – на наш кош лаза. Паможаш, дзед?

– Калі прынёс, то давядзецца. Будзем кашаплётствам займацца. А пакуль хадзем паснедаем.

– Снедаў...

– Тады пачакай. Я не затрымаюся. Люблю кашы рабіць. Асабліва з гатовай лазы. Як вось цяпер.

Пакуль дзед Грышка снедаў, я зноў збегаў у лазняк, каб забраць тую лазу, што засталася. І на ёй, на лазе, ляжаў вянок...

Я адразу здагадаўся, што гэта Надзейка паклала, а сама, мабыць, схавалася недзе паблізу і будзе назіраць за мной, што я зраблю з яе вянком. А што я зраблю? На галаву, канешне, не надзену, не хлапечая гэта справа вянкі насіць на чупрыне сярод белага дня. А ў ру-ках патрымаць можна. І патрымаю, чаго ж. Не ўкусіць. А ён не такі і лёгкі. Пахне хораша.

Я пашукаў вачыма Надзейку, але нідзе не заўважыў яе, павесіў вянок на галінку, узваліў на плечы зноў вязанку лазы і, пакуль нёс яе, чамусьці пашкадаваў, што не ўзяў вянок. Спатрэбіўся б. Ці мне, ці дзеду Грышку. Ён бы яго, канешне, павесіў у хаце на вялізны цвік. Калі прыгожы вянок, чаму б не павесіць? І ў нашай зямлянцы з дзядзькам Хвядосам можна было б... Добра глядзеўся б. Над сталом, калі запаліш капцілку. Толькі што гэта я ўсё пра вянок ды пра вянок! Вось-вось торф капаць трэба, а ў нас і каша няма.

Не быў бы дзед Грышка вясковым філосафам. Перш чым узяцца рабіць кош, ён пасядзеў на зэдліку, пакрактаў, а потым расказаў пра сон.

– Як думаеш, Колька, к чаму б я палец парэзаў? – глядзеў стары на мяне і чакаў адказу. – Во гэты. Як цяпер помню... і кроў кап-кап-кап... на белы пясок.

– Пясок белым не бывае, – запярэчыў я.

На што дзед Грышка нахмурыўся:

– Мне лепш ведаць, які бывае пясок у маім сне.

– Жоўты пясок.

– У тваім – можа і жоўты, а ў маім белы быў, як з мелу. У чым і загваздка. Дык не падкажаш, к чаму б сон прысніўся, а?

Я пра гэтыя сны дык нічога толкам і сам не ведаю. Што я скажу яму? Паціснуў адно плячыма раз, другі... Старому такое не падабалася, ён усміхнуўся сам сабе, хехекнуў і прызнаўся:

– Ведаю, к чаму сон, я і сам, дзетка. Пецька мой вернецца з вайны. Жывы будзе. Магу паспрачацца.

– А на што?

– На жменю семак.

– Давай! – я ахвотна пагадзіўся, бо даўно не лузаў семкі, хоць і не падумаў, перш чым перабіць рукі, што аддам, калі прайграю: дужа закарцела семак. Але я паглядзеў на Грышкаў твар, і мне адразу захацелася прайграць яму тую жменю – не параўнаць і мех, і нават два мяхі семак з вяртаннем ягонага сына Пятра.